Главная » Год культуры » Кніга акрыляе душу
Информация к новости
22-09-2016

Кніга акрыляе душу

Категория: Год культуры

 У студэнцкія гады з задавальненнем наведвала Нацыянальную бібліятэку, што ў Мінску. Акрамя асалоды ад цікавых кніг, мне па душы была атмасфера.  Увогуле бібліятэку можна параўнаць з чароўным Хогвартсам. 
Зручныя мяккія крэслы,  спакой, які разбаўляе мілагучны гук бягучай вады – гэта ўсталяваны маленькія фантанчыкі ў форме шароў.
Зірнеш уверх, а там гудуць спецыяльныя машыны, што па рэйках  дастаўляюць кнігі. Гэта яны рухаюцца па спецыяльным заклінанні? Ці хто размахвае чароўнай палачкай? На жаль, ты ўсяго толькі чалавек, або на чароўным слэнгу – магл, але табе дазволілі паназіраць за дзівосным светам і пакарыстацца яго дарамі. 
Нягледзячы на тое, што бібліятэка знаходзіцца ў жорсткай канкурэнцыі з інтэрнэтам, дзе ёсць практычна ўся літаратура, колькасць чытачоў і наведвальнікаў з кожным годам расце. Тое самае я магу сказаць і пра Петрыкаўскую раённую бібліятэку якая не адстае ад Нацыянальнай і стварае ўсе ўмовы для самага патрабавальнага сучаснага чытача. 

img_9738img_9776img_9784img_9804

Бібліятэка  XXI стагоддзя
…Калі хтосьці прыйшоў упершыню і не ведае, якую кнігу ўзяць, тут яго зарыентуюць, даведаюцца пра густы, інтарэсы і падбяруць неабходнае.
Дзякуючы новаму абсталяванню, функцый у бібліятэкі з’явілася больш.
Напрыклад, электронны каталог, дзе можна хутка вышукаць патрэбныя кнігі. І абмен кнігамі з іншымі бібліятэкамі па раёне, нават на рэспубліканскім узроўні. Бывае, што чытач не знайшоў патрэбнай кнігі, абавязкова запішуць яе назву і аўтара. Далей вырашаюць пытанне пра дастаўку кнігі ў раён.
Калі ў якой-небудзь бібліятэцы ёсць кніга, якая не карыстаецца папулярнасцю, а нашаму чытачу яна патрэбна – дашлюць!
– Важная, класная і вельмі зручная паслуга для чытачоў – падрыхтаваць спіс літаратуры  для навуковай працы, – распавядае Алена Сцяфняк, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі. – Дастаткова патэлефанаваць у бібліятэку і агучыць назву рэферата ці дыпломнай. Мы падбяром па гэтай тэме ўсе кнігі. Каштуе гэта паслуга нядорага.
Калі чытач шукае нейкую пэўную кнігу – прапануем яе аналагі. Зробім ксеракопію патрэбнай часткі і вышлем на электроную пошту. І ніякіх складанасцяў.
– У нас можна пашырыць свае веды ў юрыдычна-прававой сферы, – канстатуе Таццяна Галіцкая, дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Петрыкаўская сетка публічных бібліятэк”. – У раёне ўсяго чатыры “прававыя цэнтры”, дзе можна знайсці ўсе законы, якія толькі выйшлі. Таксама можна даведацца пра льготы, правы і абавязкі. Інфармацыі самай разнастайнай хапае. Нашы прафесіяналы акажуць любую дапамогу ў складаных пытаннях.
Калектыў бібліятэкі самаадданы. На кожнае свята мы рыхтуем цікавую праграму. Узрост наведвальнікаў бібліятэкі пачынаецца з сёмага класа школы. Таму мы праводзім розныя акцыі, конкурсы. І ніколі не паўтараемся.
Дзяцей вучым працаваць на публіку, выразна чытаць вершы. У нас гучыць жывая музыка: гітара ці акардэон. Калі праходзяць тэматычныя выставы, прыносяць свае работы з Дома рамёстваў. Некаторыя госці нават просяць купіць. Для дзяцей летам арганізуем працоўны лагер. Знаёмім іх з працай бібіліятэкараў, яны дапамагаюць рэстаўрыраваць кнігі.
Не так даўно ў  рамках акцыі «Моладзь. Здароўе. Лад жыцця» ў бібліятэцы прайшла гадзіна даверу “Узрост трывог і памылак”  па прафілактыцы суіцыдальных паводзін непаўналетніх. У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы СШ №1 і выхаванкі СПТВ № 1 г. Петрыкава.
Увазе падлеткаў быў прапанаваны відэафільм “Дзіцячы суіцыд: хто штурхае іх на смерць?”. Разам з псіхолагам падлеткі абмеркавалі фільм.
– На жаль, некаторыя бібіліятэкі ў вёсках зачыніліся, працягвае Таццяна Галіцкая. – У такім выпадку мы арганізавалі спецыяльны аўтобус, які называем “Бібліёбус”. Ён развозіць кнігі па трох маршрутах. Перад паездкай тэлефануем чытачам, вызначаем, якія ім патрэбны кнігі. А каб не было сумна, запрашаем музычны аўтаклуб. Можам і выставу зрабіць. Ідэй хапае.

Назад, у СССР
15 верасня ўсе бібліятэкары Беларусі адзначалі прафесійнае свята – Дзень бібліятэк. У сувязі з гэтым калектыў Петрыкаўскай раённай бібліятэкі правёў святочную акцыю “Бібліяноч-2016”. І мне пашчасціла туды трапіць.
У гэтым годзе яшчэ адна круглая дата – 25 гадоў з дня распаду СССР. Таму арганізатары вырашылі аб’яднаць святы і правесці выставу ў адпаведным стылі.
У 16 гадзін пачалася чайна-кававая цырымонія з удзелам пісьменнікаў Петрыкаўшчыны «Мой адрас – Савецкі Саюз».
Пакуль разлівалі гарбату гасцям, я скіравала аб’ектыў камеры на стол, дзе ляжалі паштоўкі з савецкіх часоў, пласцінкі, стаяў бюст Леніна, патэфон. О, і нават музычны альбом Алы Пугачовай! Злева на шафе сцяг з сярпом і молатам.
Свята пачалося з віншаванняў. Адзначылі не толькі самых зацікаўленых чытачоў, але і паэтаў і пісьменнікаў граматамі і кветкамі:  Івана Самахвалава, Ніну Ачапоўскую, Антаніну Рыбалка, Генадзя Брызіцкага і Любоў Арлову. Дарэчы, Любоў Арлова ў гэтым годзе выпусціла новы зборнік вершаў і кароткіх празаічных твораў “Святла след, сляды смутку…” Дапамогу ў выпуску кніжкі ёй аказала бібліятэка.
Затым паэтаў запрасілі пачытаць свае вершы. Вельмі важную тэму закранула Любоў Арлова. Паэтка была незадаволена, што ў Петрыкаве перапрафілявалі кніжны магазін.
Антаніна Рыбалка разбавіла атмасферу гумарыстычнымі вершамі. Генадзь Брызіцкі крануў слухачоў лірычнымі творамі.
Цёплая вечарына, на жаль, скончылася. Цэнтральная раённая бібліятэка працягвае сваю працу і запрашае да сябе ў госці. Цікавыя кнігі чакаюць вас!
А скончыць свой артыкул хачу цытатай Максіма Горкага: “Любіце кнігу, яна палягчае вам жыццё, па-сяброўску дапаможа разабрацца ў пярэстай і бурнай блытаніне думак, пачуццяў, падзей, яна навучыць вас паважаць чалавека і саміх сябе, яна акрыляе розум і сэрца пачуццём любові да свету, да чалавецтва”.

Т. Сяргеева

Облако тегов

Архив новостей

Октябрь 2019 (14)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
Июнь 2019 (30)
Май 2019 (29)
^