Главная » Год культуры » Ад рэпетыцый да перамог
Информация к новости
1-08-2016

Ад рэпетыцый да перамог

Категория: Год культуры

Назвы капаткевіцкіх калектываў амаль штомесяц з’яўляюцца на старонках нашай газеты ў калонцы навін. Бо, бадай, ніводзін фестываль ці чарговы конкурс – абласны або рэспубліканскі – не абыходзіцца без іх удзелу і ўзнагарод.
Напрыканцы чэрвеня чарговы ІХ рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” прынёс калектывам 19 дыпломаў роднага ўзроўню. Прычым пераважная большасць з іх дасталася “Вераску”.
Такое прызнанне не выпадкова. Вялікі вопыт і “сталы” ўзрост – больш сарака гадоў – дазваляе калектывам заяўляць пра сябе ў поўны голас. І яшчэ адна акалічнасць. Тое, што дэманструюць юныя танцоры “Вераска” – гэта не толькі адпрацаваныя навыкі, а ўжо закладзеныя генетыкай здольнасці. Сёння малодшую групу калектыву наведваюць не толькі дзеці, але і ўнукі тых, хто быў першымі артыстамі маладога тады ансамбля.
Кіраўнік “Вераска” Ядзвіга Суботка ганарыцца сваімі выпускнікамі, сярод якіх ёсць і тыя, хто прысвяціў сваю прафесію харэаграфіі – Ірынай Раманоўскай, Людмілай Вяракса, Антонам Плешкуновым, Максімам Яфімчыкам, Вікторыяй Друзік. Напрыклад, Максім цяпер працягвае далей вучобу ў інстытуце культуры і выступае ў казачым ансамблі.
У рэпертуары ансамбля “Верасок” не проста класічныя беларускія народныя танцы, але абавязкова з мясцовым каларытам, з элементамі гульні, што асабліва важна для дзяцей. “Лявоніха” таксама аддае перавагу рэгіянальным элементам. Ды без гэтага і нельга ўзяць вышыню на аглядах і конкурсах. Менавіта мясцовы рэпертуар, асаблівасці мясцовага выканання побытавых танцаў і песень тут у асаблівай пашане. Кіраўнік адзначае, наколькі важна і цяжка захаваць свой палескі каларыт. А таксама не згубіць тое, што ёсць. Можа, таму не так даўно была набыта відэакамера, і Дом культуры можа пахваліцца выдатнай відэатэкай не толькі сваіх выступленняў, але і іншых калектываў, з якімі давядзецца яшчэ не раз сустрэцца на сцэнах рознага ўзроўню. Таму іх тэхніку трэба вывучаць і, так бы мовіць, “браць на ўзбраенне”.
Але дзейнасць калектываў і яго кіраўніка – гэта не толькі рэпетыцыі па раскладзе і выступленні. А таксама гаспадарчая дзейнасць, без якой установа культуры існаваць не будзе, арганізацыя канцэртаў, паездак на конкурсы.
— Ёсць адна вялікая праблема – касцюмы, — дзеліцца клопатамі Ядзвіга Іванаўна. – Іх неабходна пастаянна аднаўляць, а гэта немалыя грошы, якіх калектыву самастойна ніколі не зарабіць. Толькі адзін камплект каштуе каля мільёна. А кожнаму танцу – свой касцюм. Да таго ж ён не павінен быць бедным. Апрануўшы народны касцюм, адчуваеш сябе на галаву вышэй за іншых. А калі ён яшчэ і новы, прыгожы – танцуецца з асаблівым захапленнем. Асабліва цяжка з абуткам, яго аднаўляць трэба часцей. Часам у адным танцы павінны выходзіць да дваццаці чалавек, а абутку не хапае. Здараецца, што адна група дзяцей заканчвае нумар, другая іх чакае, тут жа пераабуваецца і выходзіць на сцэну.
Капаткевіцкі Дом культуры – гэта месца не толькі творчасці значнай часткі жыхароў гарадскога пасёлка. Гэта – іх дом. Утульны і гасцінны. Некалі будынак гэты быў рэканструяваны з былой лазні, дваццаць пяць гадоў таму толькі была зроблена ацяпляльная сістэма. Берагуць тое, што ёсць, і знаходзяць магчымасць набываць неабходнае. Як расказала Ядзвіга Суботка, яна ж і дырэктар Дома культуры, атрымаўшы новую апаратуру, давялося самастойна шукаць і майстраваць пад яе стойкі. Выйсце знайшлі па-гаспадарску. Абмянялі непатрэбны металалом на патрэбныя кускі металу ў нарыхтоўчым прадпрыемстве, запрасілі майстроў і зрабілі тое, за што давялося б плаціць вялізныя грошы.
“Лявоніха” і “Верасок” – гонар раёна. Таму нават у самыя складаныя часы ў аддзеле культуры, цяпер аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, знаходзяцца сродкі, каб хоць зрэдку, але аднавіць касцюмы, накіраваць артыстаў на чарговы фестываль ці конкурс. Бо яны ў чарговы раз атрымаюць перамогі, праславяць імя раёна і сваіх калектываў на самых высокіх узроўнях. “А калі кіраўніцтва разумее і падтрымлівае – хочацца працаваць”, – запэўнівае Ядзвіга Іванаўна.
Адной з неразгаданых загадак Ядзвігі Суботка калегі лічаць тое, што ў як калектывах многа хлопчыкаў і мужчын. Які калектыў з народным рэпертуарам можа гэтым пахваліцца? А тут недахопу няма. І гэта з улікам таго, што рэпертуар іх выключна народны. Дырэктар гаворыць, што нават на “Берагіні” некаторым калектывам давялося выстаўляць жанчын замест мужчын у парных бытавых танцах, у “Жабцы”. Па патрабаваннях конкурсных праграм гэта ўвогуле недапушчальна. Але праблема недахопу мужчын ёсць амаль ва ўсіх і на гэта пачалі закрываць вочы. Хаця ў Ядзвігі Іванаўны сваё меркаванне на гэты конт. Аўтарытэт і атмасфера ў калектыве павінна выклікаць сімпатыю, а гэта вельмі цяжкая праца, у якой іх “Верасок” і “Лявоніха” – пераможцы.
Увогуле, Ядзвіга Суботка – чалавек адкрыты і прамы. Ёй не займаць рашучасці, калі трэба абараняць гонар сваіх артыстаў. Вось і з апошняга фестывалю яна прыехала ўзрушаная з-за заўваг, якія мела ў бок членаў журы і сапернікаў, але задаволеная вынікамі. Абвостранае пачуццё справядлівасці не дазваляе ёй ісці на кампраміс з сумленнем. Напрыклад, у танцы “Таўкачыкі” нельга выкарыстоўваць палкі з насечкамі, а ў “Чобатах” ці “Шаўцы” павінен прасочвацца ўвесь сюжэт, у “Жабцы” – нельга падымацца – увесь танец павінен быць седзячы на кукішках ці лежачы на жываце.
— Культура павінна быць агульнадаступнай, — выказвае сваё меркаванне кіраўнік. – І мы да гэтага імкнёмся. Такія калектывы, як наш, у многіх рэгіёнах працуюць на платнай аснове. І бацькі выкладваюць немалыя грошы за тое, што дзіця займаецца харэаграфіяй. Але ў нас не той узровень. Мы разумеем умовы, у якіх займаюцца нашы дзеці, магчымасці бацькоў. І радыя, што да нас ідуць. Працуем: прыцягваем, адукоўваем, разам адпачываем.

Алена БРУЦКАЯ

Облако тегов

Архив новостей

Ноябрь 2019 (3)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
Июнь 2019 (30)
^