Главная » Год культуры » Музычна-кветкавы пейзаж жыцця
Информация к новости
30-06-2016

Музычна-кветкавы пейзаж жыцця

Категория: Год культуры

Кветкі  пачынаюцца з веснічак

IMG_8955
Сорак гадоў працы Вольга Рыгораўна аддала дзецям. Была выхавальнікам і загадчыцай мясцовага дзіцячага садка, настаўнікам і выхавальнікам групы падоўжанага дня ў школе. Калі прыйшоў час выходзіць на пенсію, адчувала неспакой: як застанецца без любімай працы і куды сябе зможа прымяніць. Рашэнне прыйшло само сабою – вышыванне. Нават хвалявалася, што можа не атрымацца. Але гады працы ва ўстановах адукацыі, дзе творчасць – абавязковы складальнік, выхавалі адметную акуратнасць, скрупулёзнасць і… апантанасць справай.
Вышывала для сябе, дарыла карціны родным. Іконы, пейзажы, жывёлы, знакі гараскопу. Кожную вольную хвілінку праводзіла з іголкай у руках.
Пра захапленне жанчыны аднавяскоўцы не здагадваліся нават гадамі. І толькі сёлета на Дзень Жанчын выстава работ Вальгі Рыгораўны была прадстаўлена на свяце ў Галубіцкім сельскім Доме культуры.
— Выпісваю часопіс “Вышыўка для душы”, адтуль у асноўным і бяру схемы, — гаворыць жанчына. – Цяпер сталі да мяне прыходзіць іншыя жанчыны-вышывальшчыцы, абменьваемся. Схемы таксама прывозяць дочкі, пляменніцы. Хаця нагружаць іх нейкімі заказамі не хачу. Стараюся і ніткі, і канву набываць сама. Праўда, з рамкамі ўзнікаюць праблемы. Заказваць іх праз магазін – дорага, а мясцовага майстра пакуль знайсці не ўдалося. Таму многа прац ляжыць пакуль у шафе.
Першымі яе творамі былі іконы. Зрабіла іх некалькі – сабе і дзецям, абавязкова асвяціла ў царкве. Вельмі многа ўвагі надае гаспадыня кветкам. Іх тут мноства – і на карцінах, і ў кашпо, і ў палісадніку. Першая кветка, якая сустракае гасцей, драўляная, прымайстравана гаспадаром да веснічак. Унукі прыязджаюць на лета і кажуць: “Бабуля, у цябе тут рай – усё цвіце і расце!”. Бо рукі залатыя што ў бабулі, што ў дзядулі. Гаспадыня дае ідэі мужу, а ён, для парадку пабурчэўшы, з задавальненнем выконвае іх. Так у парніку, зробленым са старых аконных рам, радуюць вока памідоры. Пад арэхам пасяліўся белакрылы драўляны бусел, да сцежкі з кветак вытыркнулі насы ружовыя пластыкавыя парсючкі. А ўнукаў сёлета чакае сюрпрыз – вялізныя арэлі.
Усе карціны Вольгі Рыгораўны яркія, перыстыя, летніх жыццярадасных колераў. Бо ў хаце ёсць згода, паразуменне і давер.

Жыццё працягваецца з песнямі

IMG_8968
Больш дваццаці гадоў Міхаіл Міхайлавіч адпрацаваў у галубіцкім клубе. Найперш пасля школы атрымаў спецыяльнасць будаўніка, але яна яму мала спатрэбілася. Крыху папрацаваў у Ляскавічах у клубе. Калі ў пачатку сямідзясятых у Галубіцы пабудавалі новы клуб, прыехаў сюды.
— Я – самавучка, — гаворыць мужчына. – Заўсёды ў доме бацькоў гучала музыка. Дзед іграў, бацьку запрашалі ў якасці музыканта на вяселлі. З дзяцінства і я з малодшым братам Іванам спявалі і ігралі. Музыка стала для мяне яшчэ больш жаданай тады, калі падлеткам страціў два пальцы на левай руцэ. Але, тым не менш, асвоіў баян, ударную ўстаноўку, сінтэзатар, гітару перарабіў на левую руку, як музыканты “Бітлз”. У брата цудоўны голас, у час службы ў арміі ён выступаў у хоры Беларускай ваеннай акругі, быў на адной сцэне з “Верасамі” і “Песнярамі”.
Уладкаваўшыся працаваць работнікам культуры, давялося вырашаць пытанне атрымання адпаведнай адукацыі. І Міхаіл Міхайлавіч ужо ў трыццацігадовым узросце з васьмю пальцамі на руках паступіў у культпрасветвучылішча на аддзяленне харавога дырыжыравання. Тут не змаглі самавучку перарабіць, як ён кажа, павыломваць астатнія пальцы. Але дыплом далі-такі. З гонарам цяпер ён узгадвае свайго педагога Івана Кірчука – мастацкага кіраўніка сусветна вядомага калектыву “Троіца”.
Увогуле сустрэч са знакамітымі людзьмі было многа. Але ганарыцца музыкант сваёй малой радзімай – Дарашэвічамі і землякамі. Тут быў што ні дом, то музыкант-самародак. Сёння недалёка ад Міхаіла Міхайлавіча жыве Фёдар Пінчук – віртуоз-гарманіст. Яшчэ – Мікалай Сугрэй. А сябар яго і аднавясковец Мікалай Казловіч працуе ў папулярным ансамблі “Радуніца” з Мазыра. Сын жа яго Юрый – ударнік у “Песнярах”. “Радуніца” не аднойчы прыязджала ў наш раён, выступала і на галубіцкай сцэне. У вядомым джаз-гурце “Яблыневы чай” таксама ёсць салістка – ураджэнка вёскі Славінск. З імі Міхаілу Міхайлавічу таксама давялося выступаць на роднай сцэне побач.
Што зусім не характэрна для музыканта, Міхаіл Міхайлавіч на-дзіва замкнёны і сціплы чалавек. А галоўнае – адказны. Па яго задуменнай усмешцы ды пышных вусах у свой час не адна жанчына ў вёсцы ўздыхала. А ён нібы і не заўважаў нікога. Для яго існавала толькі яго Вольга. Калі на канцэртах бачыў яе ў зале, пачынаў хвалявацца, як падлетак. І яна яму давярала. Ніколі ні ценю рэўнасці не было, хаця працаваў муж у акружэнні жанчын.
Як кажуць, з песні слова не выкінеш. Было ў жыцці і тое, што хацелася б змяніць і больш ніколі не ўзгадваць. За два гады да пенсіі Міхаіл Міхайлавіч пайшоў працаваць на дрэваапрацоўчы цэх у ЭЛПГ “Ляскавічы”, кінуў любімую працу. Думаў, што там зможа зарабіць большую пенсію. Але не атрымалася. У адзін з вечароў, калі дабіраўся дадому прыцемкам на веласіпедзе, яго збіла машына. Шматлікія пераломы ног, адкрытая чэрапна-мазгавая траўма… Год болю, роспачы, на-дзеі. Побач заўсёды была яна. І паставіла яго на ногі. Ужо другі месяц, як пайшоў Міхаіл Міхайлавіч, ужо пенсіянер, працаваць, цяпер у прыватны дрэваапрацоўчы цэх. Чаму не сядзіцца дома? Кажа, трэба жывот скідаць.
Зноў па вёсцы разносяцца пералівы яго баяна, яго непаўторны голас. Ведаюць аднавяскоўцы: значыць, сямейнае свята ў Казловічаў ці дзеці з унукамі прыехалі. І з нецярпеннем чакаюць чарговага канцэрту ў Доме культуры, каб пачуць яго музыку і спевы, бачыць, што перамаглі яны бяду.
— Вось прыедуць хутка ўнукі, будзем забаўляцца, — плануе дзед. – Унука паспрабую вучыць гітары. А ўнучка мая – спявачка. Заўсёды дзеду падпявае ды яшчэ і нейкія песенькі складае. Жыццё працягваецца, з песнямі.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Облако тегов

Архив новостей

Февраль 2020 (11)
Январь 2020 (23)
Декабрь 2019 (38)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
^