Главная » Год культуры » Ой, пасею я ўкроп… ці Як у Бярозаўцы справілі Благавешчанне
Информация к новости
20-04-2016

Ой, пасею я ўкроп… ці Як у Бярозаўцы справілі Благавешчанне

Категория: Год культуры


У народзе існуе забарона працаваць у гэты дзень па гаспадарцы: “На Благавешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка касу не пляце”, — гаварылі нашы продкі.

 

снимок 048
А вось адпачываць, спяваць песні і вадзіць карагоды не забараняецца. Наадварот, як кажуць старыя людзі, калі ўсё зрабіць правільна, то і ўраджай будзе добры, і ў хаце ўсё заладзіцца, і ў сямейным жыцці будзе гладка.

снимок 025

Традыцыя святкаваць Благавешчанне жыве і сёння. Напрыклад, жыхары Бярозаўкі штогод 7 красавіка выходзяць на вуліцу “пагукаць” вясну.

Так было і сёлета. Адсвяткаваць Благавешчанне сабраліся тыя, хто не абыякавы да беларускай культуры, хто адчувае блізкасць сваіх каранёў. Абрад звязаны з песнямі, карагодамі, традыцыйнымі гульнямі, заў-сёды праводзіцца пад адкрытым небам і пры любым надвор’і. Кіруе ўсім Паліна Лапацік – мастацкі кіраўнік Бярозаўскага цэнтра фальклору. Побач з ёй – надзейныя сябры, памочнікі і такія ж энтузіясты, як яна сама — фальклорныя ансамблі “Бярозаўскія пералівы” і дзіцячы ансамбль “Пацехі”.

снимок 068
— Абрад будзе жыць, пакуль яго памятаюць, — упэўнена Паліна Паўлаўна. – Асноўны накірунак нашага цэнтра фальклору – адраджэнне традыцый. Мы гэтым займаемся ўжо шмат гадоў, імкнемся зберагчы спадчыну для нашчадкаў. Вёска Бярозаўка складаецца з дзвюх частак: Старой і Новай. У Новай ёсць ФАП, магазін, пошта, школа, цэнтр фальклору. У Старой Бярозаўцы гэтага няма, затое там жывуць сапраўдныя носьбіты народных традыцый, жывыя сведкі тых абрадаў, што праводзілі нашы продкі. Мы цесна супрацоўнічаем са школай, настаўнікамі, вучнямі. Многія з іх – у складзе нашых ансамбляў. Разам з дзецьмі мы наведвалі жанчын-жыхарак Старой Бярозаўкі, запісвалі словы песень, што яны спявалі ў гады сваёй маладосці, народныя прыкметы і паданні, звязаныя са святамі. Мы хочам усё гэта зберагчы.

Згодны з Палінай Лапацік і Кірыл Шчарбаты, вучань адзінаццатага класа, які ўжо некалькі гадоў спявае ў фальклорным ансамблі і добра ведае народныя традыцыі і абрады.

снимок 092

– Сорамна не ведаць гісторыю свайго краю, сваёй вёскі, — кажа ён. Мы шмат куды ездзім, выступаем на Дажынках з песнямі, танцамі, якіх некаторыя нават і не ведаюць. А гэта ж наша, роднае.

На вялікім узгорку, які ў Бярозаўцы называюць Гарою, сабраліся ўдзельнікі фальклорных гуртоў “Бярозаўскія пералівы” і “Пацехі” у вянках, беленькіх кашулях, расшытых фартухах паверх святочных андаракаў, і мясцовыя жыхары, што прыйшлі паглядзець на свята. І вось ужо разносіцца па наваколлі: “Ой, пасею я ўкроп, ды ў новым агародзе…”

Менавіта гэту песню звычайна спяваюць у Бярозаўцы і лічаць яе толькі сваёй, мясцовай. Як расказалі 85-гадовая Кацярына Бельская і 79-гадовая На-дзея Коўгар, яна перайшла да іх ад бабуль і матуль, як і ўвесь гэты аўтэнтычны абрад. Раней яго спраўлялі ўсёй вёскай, прыходзілі і старыя, і малыя. Жанчыны прыбіраліся ў святочнае адзенне, спявалі так званыя вяснянкі, вадзілі карагоды, гулялі з дзецьмі ў розныя народныя гульні.

снимок 140

Лічыцца, што спевы павінны быць гучнымі, каб пачулі і луг, і поле, і лес, кожная птушка і звер. За адной песняй загучала другая, трэцяя. Пабраўшыся за рукі, удзельнікі свята завялі карагоды “Вясна красна” і “Верабей”.

У перапынках паміж гульнямі гаварылі пра веснавыя клопаты ў полі і на агародзе, якія можна распачынаць пасля Благавешчання. Таксама ўзгадалі народныя прыметы, па якіх можна меркаваць пра будучае надвор’е. Адна з іх спраўдзілася амаль адразу: толькі на Гары пачаліся спевы, як у паветры над удзельнікамі свята закружыў белы бусел.

Шырока раскінуўшы крылы, птушка зрабіла некалькі кругоў над людзьмі. “Пагода будзе”, — пачулася адразу з усіх бакоў.

снимок 148
Як расказала метадыст РАМЦ па фальклору і этнаграфіі Ніна Лешчанка, вясна – гэта цэлы калейдаскоп святаў, якія ідуць адно за адным: Стрэчанне, Саракі, Благавешчанне, Вербная нядзеля, Вялікдзень, Юрый, Ушэсце, Троіца…

Абрадавая спадчына земляробчага каляндара ў культуры ўсходняга Палесся вельмі багатая. І трэба абавязкова яе захаваць для нашчадкаў, бо культура – гэта тое, што нас аб’ядноўвае.

Таццяна КАПІТАН.
Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

«Калінкавіцкія навіны»

Облако тегов

Архив новостей

Ноябрь 2019 (3)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
Июнь 2019 (30)
^