Главная » Год культуры » Вёску трымае песня
Информация к новости
6-04-2016

Вёску трымае песня

Категория: Год культуры

Нельга сказаць, што выступленнямі творчых калектываў і канцэртамі яны абдзеленыя. Тут трэба адзначыць высокі прафесіяналізм Мышанскага цэнтра культуры і адпачынку, а таксама энтузіязм і таленавітасць мясцовых сама-дзейных артыстаў. Але іх рэпертуар больш схіляецца да эстраднай песні. А народныя спевы з неперадавальнай аўтэнтычнасцю і прыгажосцю ў Мышанку прывозяць суседзі з Церабава.
А потым у планах калектыву традыцыйны ўдзел у фестывалі “Берагіня”, які пройдзе ў Акцябрскім у красавіку.
Увесь час у руху, у рэпетыцыях і канцэртах, у пошуку новых песень – гэта яднае калектыў, напаўняе жыццё кожнага з яго членаў творчасцю, цікавымі клопатамі, радаснымі ўражаннямі. А між тым, амаль усе яны – людзі паважанага пенсійнага ўзросту.
Захаванню мясцовага каларыту ў кожнай песні і выступленні тут заўсёды аддавалі першачарговае значэнне. Менавіта за гэта многа гадоў назад у Кіеве на фестывалі атрымалі Дыплом І ступені. І зразумелі, што каштоўнасць іх творчасць будзе мець толькі тады, калі яна будзе скіраванна на захаванне фальклорнай асаблівасці менавіта іх рэ-гіёну.
Новыя песні з’яўляюцца нечакана. Самі артысты ўзгадваюць напевы сваіх матуль, бабуль. Ужо дзеці і ўнукі дапамагаюць нешта знайсці ў сацыяльных сетках. Але манера выканання захоўваецца свая, церабаўская.
– Фальклор невычарпальны, – з упэўненасцю гаворыць дырэктар сельскага клуба народных традыцый Наталля Фаміна, якая да гэтага многа гадоў кіравала калектывам. – Дваццаць пяць гадоў спяваем, а песня народная бязмежна. Асабліва ў Церабаве. Тут кажуць, што церабаўцы “дурныя” да працы. А дзе праца, там і песня. Пра нас заўсёды казалі: дзень працуем, а ноч танцуем. Калі не было клуба, бацькі, дзяды нашы, а потым і мы, маладыя, спявалі і збіраліся па хатах. Больш за сорак два гады ў нас быў мясцовы загадчык клуба – Валерый Дашкевіч, чалавек вялікай душы, творчай натуры. І цяпер на адпачынку працягвае наведваць калектыў, ужо ў якасці віртуознага і нязменнага гарманіста.
– Фальклор трэба разумець, – выказвае сваю думку цяперашні кіраўнік калектыву Святлана Бараніч. – Моладзь мала цікавіць народнае слова, ім няма калі ўнікаць у яго, разумець спрадвечную яго сілу і мудрасць. Раней і я сама была раўнадушная да народнай песні. Цяпер жа сэрца за-мірае, калі чуеш: “Ой, там за горкаю хаціна. Там ціха лямпачка гарыць. Там маці дочку навучае. Тая заплакана сядзіць”. Трапна, каротка, драматычна і мудра. Толькі духоўна чыстыя людзі могуць такое стварыць.
У рэпертуары калектыву больш двухсот песень – акапэльныя, прыпеўкі, пад гармонік. Час ад часу ўзнаўляюцца з архіваў былыя канцэртныя нумары, спрабуючы пераняць манеру выканання былых артыстаў, якія пакінулі пра сябе ў калектыве і ў вёсцы добрую памяць – Валянціна Стрыжань, Вольга Шуба, Аляксандра Дашкевіч, Нэля Козур, Пётр Грамовіч, Валянціна Дашкевіч, Надзея Дашкевіч, Пётр Панфіленка, Уладзімір Мачук.
У мінулыя гады склад калектыву дасягаў трыццаці чалавек. Цяпер – дзесяць. Але кожны – самародак, самабытны талент. Нельга пераняць ці паўтарыць манеру ігры на барабане Івана Дашкевіча. Такімі “каленамі” насычана яго выкананне, здаецца, што гэтаму навучыцца нельга, гэта – талент. У кожнага члена калектыву свая роля. Нязменная запявала Марыя Царык заводзіць песню толькі на яе своеасаблівы церабаўскі манер. Падводзіць песню Ніна Гурын, ды такую вышыню бярэ, што такое наўрад ці пачуеш на якім фестывалі, каштоўная і адукаваная ў плане фальклору жанчына.
Марыя Панфіленка, як кажуць, да мозгу касцей церабаўка. Ведае ўсе мясцовыя прыпавесці, гумарыстка з фенаменальнай памяццю. Выдатная артыстка і прыпевачніца Ніна Мачук. А ў Алены Дашкевіч ёсць асаблівая манера падводзіць песню, якую нельга пераняць. Хоць сама і не з “мадэляў”, а ў прытанцоўках ёй роўных няма.
Яўгенія Дашкевіч – расіянка, але беларускую народную песню паважае, спявае разам з намі, аптымістка і душа кампаніі. Голас у яе асаблівы, дапаўняе недахоп мужчынскіх галасоў. Бібліятэкарам пры ўстанове культуры працуе Ніна Дашкевіч. Неяк неўпрыкмет увайшла ў калектыў. Сама з Міхедавічаў, але хутка пераняла мясцовую манеру выканання і выдатна дапаўняе калектыў.
Па ўзросце ўжо перайшлі ў разрад гледачоў былыя артысты Кацярына Агейчык, Вера Грамовіч, Надзея Шэўка. Ёсць надзея, што хутка ў калектыў прыйдуць новыя артысты – Надзея Мачук і Паліна Мікусіна, вернецца пасля перапынку Людміла Дашкевіч.
– На жаль, у нашай вёсцы ўжо даўно няма ні школы, ні пошты, – адзначае загадчыца клуба. – Разумеем, якая вялікая адказнасць ляжыць на нас – сацыяльная місія. І трымаць яе атрымліваецца ў першую чаргу сіламі нашых самадзейных артыстаў.
Дзяцей у вёсцы нямнога, толькі адзінаццаць. Для іх пры клубе створана аб’яднанне аматараў актыўнага адпачынку. Ва ўсе значныя святы для іх арганізуюцца тут забаўляльныя мерапрыемствы. А цяпер наспела ідэя стварэння дзіцячага фальклорнага калектыву ці хаця б групы дзяцей, якія будуць разам з дарослымі выступаць у канцэртах. Ужо рыхтуецца рэпертуар, элементы касцюмаў.
– Дзецям, асабліва меншым, цікавы фальклорныя творы, – гаворыць Святлана Бараніч. – Іх цікавяць абрады, што было відаць у час правядзення купальскага свята – шукалі папараць-кветку, вадзілі карагоды. Слухаюць песні, цікавяцца значэннем слоў, трапных народных выразаў. Расказвалі, што нават у дзіцячых садках спрабуюць спяваць песні, якія чулі ў бабуль у вёсцы.
Рэалізуючы сваё прызначэнне на вёсцы, менавіта клуб стаў ініцыятарам усталявання ў вёсцы аброчнага крыжа. Жанчыны кажуць, што трэба, каб было, як у іх песні: “Ой, па-Божаму, ды па-Хрыстоваму!”. Ужо звярталіся за кансультацыяй да настаяцеля храма ў Капаткевічах. Справа стала за сродкамі. Некалі да вайны на месцы могілак была ў вёсцы царква. Але яе ўзарвалі. З тых часоў няма тут прыходу, няма храма. Нават на святы царкоўнаслужачыя раней да іх не наведваліся. Толькі сёлета ўпершыню пасля доўгіх гадоў прыязджаў свяшчэннік на Вадохрышча.
– Няхай нас мала ў вёсцы, але мы тут жывём, тут ляжаць нашы продкі, – зазначае Наталля Фаміна. – І менавіта мы павінны захаваць скарб нашага народу, нашых бацькоў і дзядоў. А гэта ў сваю чаргу нас згуртоўвае, прымушае быць у форме – фізічнай і творчай. Мы збірамся разам – і клопаты, беды і крыўды адступаюць.

Алена БРУЦКАЯ.

Облако тегов

Архив новостей

Февраль 2020 (11)
Январь 2020 (23)
Декабрь 2019 (38)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
^