Главная » Новости » Усё ж такі было каханне
Информация к новости
3-02-2020

Усё ж такі было каханне

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Пяць гадоў дырэктар дзіцячай школы мастацтваў выношвала ідэю ўстроіць сабе бенефіс, але вынесці на суд гледачоў свой творчы багаж адважылася толькі зараз.
Напэўна, таму што прыйшоў час расказаць, а дакладней праспяваць, пра свае пачуцці, перажыванні і … каханне.

Забягаючы наперад, скажу, што суботні вечар у Капаткевіцкім Доме культуры быў па-хатняму душэўным. Лірычныя і філасофскія песні расчулілі гледачоў, мяркуючы па слязінках у вачах, да глыбіні душы.

– Мне пашанцавала ў жыцці, таму што педагагічная дзейнасць, якой я займаюся з задавальненнем, непарыўна звязана з творчасцю, – у прадмове да канцэрта сказала Алена Сяргееўна. – Ёсць магчымасць расказаць пра ўсё праз песні і маналогі. У гэтым го-дзе ў мяне некалькі юбілеяў: дзве пяцёркі ва ўзросце, 35 гадоў займаюся педагагічнай дзейнасцю і 15 гадоў на кіруючай пасадзе. Так ужо супала, што канцэрт арганізаваны ў дзень нараджэння знакамітага артыста і барда Уладзіміра Высоцкага. Калі як не сёння аддаць даніну музыцы?

Па словах Алены Сяргееўны, ёй цяжка было вырашыцца на гэта выступленне. Страх быць незразумелай і недарэчнай доўгі час браў верх, але творчаму чалавеку заўсёды хочацца падвесці выніковую рысу ў жыцці, і яна адважылася. Гэты канцэрт і ёсць вынік вялікай шматгадовай працы.

Песні ў першым аддзяленні былі прысвечаны сям’і, дачцэ Аляксандры, сыну Антону і маме Яўгеніі Апанасаўне. У другім ад-дзяленні выступілі вучні, выканаўшы фартэпіянныя творы Баха, Рахманінава, Грыга, Бёрвела.

Так, свае музычныя навыкі гледачам прадэманстравалі Глеб Гадун – хлопец цяпер вучыцца разьбе па дрэве ў Гомельскім каледжы мастацтваў, але не губляе смак да музыкі. Марыя Кушнер, якая вучыцца ў Мазырскім дзяржаўным музычным каледжы, і пяцікласнік Кірыл Вашкоў, чыё музычнае развіццё зараз у самым разгары.

– Музыка нікога не адпускае, – працягнула артыстка. – Усе мае вучні, так ці інакш, вяртаюцца да яе. Нехта адразу ж пасля заканчэння музычнай школы паступае ў каледж, развіваючыся на больш высокім прафесійным узроўні, хтосьці праз гады садзіцца за інструмент і ўспамінае школьную праграму. Радуе, што ёсць тыя, хто піша музыку ці выконвае песні ўласнага сачынення. Я сваімі вучнямі часцей за ўсё ганаруся.
Творчыя людзі, перш за ўсё, зараджаюць любоўю да мастацтва сваіх уласных дзяцей. У праўдзівасці гэтых слоў мы пераканаліся, пачуўшы выступленне Антона Антанішына.
Хлопец пасля заканчэння музычнай школы з непахіснасцю заявіў, што з музыкай скончана, зачахліў гітару і … абраў тэхнічную спецыяльнасць у БДУІР. Але насенне, якое пасаджана яшчэ ў дзяцінстве, узрасло.

Праз час юнак адчуў патрэбу ў музыцы. Да таго ж музычны напрамак – адзін з перспектыўных ў цяперашні час. Разам з таварышам па ўніверсітэце Антон піша музыку і выступае на студэнцкіх мерапрыемствах. У вакальным выкананні і ўменні трымацца на сцэне адчуваўся прафесіяналізм.

У рэпертуары нашай выканаўцы ў асноўным песні Алены Ваенгі, чыя творчасць прываблівае лірызмам і філасофскай насычанасцю.
Гледачам роднага пасёлка ў гэты вечар Алена Сяргееўна раскрылася як майстар размоўнага жанру, выканаўшы маналогі Алены Сцепаненка. Так багацце лірыкі і суму разбавілася бліскучым гумарам.

Варта прызнаць, што камедыйны жанр гераіня імпрэзы асвоіла на высокім узроўні, за што і атрымала справядлівую ацэнку – гучныя і працяглыя апладысменты.
Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна. У кожнай песні, якая прагучала ў гэты вечар, была свая перадгісторыя. Мяркуючы па рэакцыі залы (а гледача не падманіш) я прыйшла да высновы, што людзям сёння не хапае такіх цёплых, шчырых, высокамастацкіх сустрэч. Ніхто не сышоў з залы абыякавым.

Магчыма, у час свайго выступлення, настаўніца музычнай школы адчула сябе сапраўднай артысткай, любімай і запатрабаванай. Нягледзячы на тое, што за акном студзень, ёй дарылі жывыя кветкі. Гэта быў сапраўдны аншлаг.
Гледачы – дзеці, сваякі, блізкія сябры, калегі, вучні і проста людзі, якія неабыякавыя да творчасці землякоў, апладзіравалі стоячы.
Ведаеце, гэта па-сапраўднаму выдатна бачыць чалавека, які самааддана любіць сваю прафесію. Усё, што ў гэты вечар рабіла Алена Сяргееўна, было прасякнута адным пачуццём – любоўю.

Нам застаецца спадзявацца на тое, што бенефіс Алены Антанішынай стане стартам і добрым прыкладам для іншых таленавітых людзей: не трэба баяцца выходзіць на сцэну, калі ёсць што паказаць гледачу.
У чарговы раз мы ўсе пераканаліся, што мары, нават самыя неверагодня, ажыццяўляюцца.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

http://petrikov.by/usyo-zh-tak-bylo-kahanne/

Облако тегов

Архив новостей

Февраль 2020 (11)
Январь 2020 (23)
Декабрь 2019 (38)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
^