Главная » Новости » Традыцыя, што крочыць у нябыт
Информация к новости
28-01-2020

Традыцыя, што крочыць у нябыт

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Раней такая форма баўлення часу была паўсюднай сярод сялян і праіснавала з пэўнымі зменамі да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Вячоркі можна аднесці да адной з форм талакі – калі сяляне, у дадзеным выпадку жанчыны, збіраліся разам для дапамогі ў гаспадарчых работах. Умоўна такія вечарыны падзяляліся на две паловы: працоўны час, калі дзяўчыны і кабеты збіраліся для прадзення, нарыхтоўкі вялікай колькасці прадуктаў і гульнявы час, калі ў госці прыходзілі нежанатыя хлопцы і пачыналіся спевы і танцы.

У эпоху шпаркіх пасляваенных пераўтварэнняў Вячоркі страчвалі як свой аўтэнтычны каларыт, так і сэнсавае прызначэнне: нешта ў якасці заробку сялянам выдаваў калгас, пазней неабходныя рэчы і прадукты прасцей было набываць у краме. А пазнаёміцца ці пагуляць моладзі можна было ў мясцовых цэнтрах культуры. Так, чарговая народная традыцыя пачала растварацца сярод святочных пасядзелак са сваякамі і суседзямі. Па іроніі лёсу менавіта работнікі культуры захоўваюць зараз тую, яшчэ не страчаную, але занядбалую спадчыну.

Сюжэт нядаўняга мерапрыемства быў просты: да гаспадароў Лявона і Ганны прыйшлі аднавяскоўцы. Завіталі не выпадкова – як след прынеслі з сабою хто кудзель, каб папрацаваць не марнуючы час, хто гармонік. Неўзабаве распачалася і гутарка. Жанчыны па-свойску абмяркоўвалі сваіх мужыкоў, паўсядзённыя клопаты. Не абыйшлося без пытанняў – калі, хто ды за каго аддасць сваю дачку замуж, ды якога бацькі жадаюць сваёй дачушцы жаніха.

Дарэчы прыйшліся і аповеды пра нядаўнія гулянні. Адна з жанчын толькі махнула рукою: “Вось мы з мужам збіраліся на вяселле да сваякоў. Начапіў ён новыя боты, а я яму – скінь, будзеш ісці дзе п’яны ды запэцкаеш, ці яшчэ што нядобрае – згубіш. А ён жа не, маўляў, не згублю. Куды ж яшчэ іх надзець, як не на вяселле?! І што думаеце, ішоў на добрым падпітку дадому, упаў на дарозе ды і заснуў! Злодзеяў паўсюль хапае, вось і знялі з яго боты. Ды ехаў па тым жа шляху нейкі чалавек на возе. Глядзіць, а на зямлі нехта ляжыць, ды ногі свае выцягнуў акурат поперак каляіны. Ну ён і крыкнуў: “Прымі ногі – дай дарогі!” А мужык мой ачуняў, узняўся, паглядзеў і кажа: “То не мае! Мае ногі ў новых ботах былі”. Вось табе і схадзіў на вяселле… Так што пільнуйце, жонкі, сваіх мужчын, каб тыя потым дадому басанож не цягнуліся”.

За гутаркай песні пайшлі – і народныя, і аўтарскія. Усе кампазіцыі былі добра вядомыя гледачам, што з большага складаліся з жанчын паважанага ўзросту. Нехта падпяваў артыстам, іншыя зачаравана гля-дзелі нібы скрозь сцэну, пэўна прыгадваючы свае, родныя сюжэты маладосці. Здаецца, былі і такія, што сціпла скінулі з-пад забліскацеўшых вачэй сціплыя слёзкі ўспамінаў.

А артысткі на сцэне ўсё не маглі супакоіцца. Адна верш прыгадала, другая кінулася ў скокі, гучна цокаючы абцасамі пад чарговую прыпеўку. Упершыню я пачуў пакладзеную на народны матыў байку Кандрата Крапівы “Дзед і Баба”, ну памятаеце тая, дзе “конік з выгляду – дарма, ды цягнуў ён слаба”?

Вось так, па-свойску і прайшлі Вячоркі. Шкада толькі, што моладзь на сцэнічную гулянку не завітала, але ў гэтым ёсць свая, на жаль, неаспрэчная праўда жыцця – памірае вёска, разам з ёю паміраюць і традыцыі. Звыклыя для вяскоўца рэчы зараз становяцца незразумелымі для дзетак экспанатамі ў музеях. Вось і Вячоркі можа напаткаць такі ж лёс. Добра, калі ў фальклорным гуртку ці на занятках у школе дзецям будуць паказваць ці нават арганізоўваць такія мерапрыемствы.

У іншым выпадку пра сваё, роднае ў некалькіх сказах моладзі будуць распавядаць першыя радкі Google. І гэта не скарга на дзятву і моладзь, не. Гэта хутчэй нязвыкласць да шпаркага тэмпу жыцця і яго змен пакалення, што загубілася сярод мноства старых і новых арыенціраў і не здолела вызначыць прыярытэты. Зараз гэтае пакаленне гадуе ўжо сваіх дзетак, дае ім з выхаваннем і пэўныя жыццёвыя накірункі, ці знойдзецца там месца для ведаў і пашаны традыцый продкаў? Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара

http://petrikov.by/tradytsyya-shto-krochyts-u-nyabyt/

Облако тегов

Архив новостей

Февраль 2020 (11)
Январь 2020 (23)
Декабрь 2019 (38)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
^