Главная » Новости » У аграгарадку Неглюбка прайшоў фестываль ткацкага рамяства
Информация к новости
2-09-2019

У аграгарадку Неглюбка прайшоў фестываль ткацкага рамяства

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Вось і на мінулым тыдні, паяднаўшы свае сілы, Веткаўскі музей і Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва пры падтрымцы аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі навучалі неглюбскай мудрасці ўсіх жадаючых. На працягу пяці дзён хлопцы і дзяўчаты, мужчынкі і жанчынкі “жывуць Неглюбкай”. І ў гэта “жывуць” мы ўкладваем асноўны сэнс мерапрыемства. Жыць — гэта не прыехаць па гадзінку і з’ехаць пасля “культурнай экскурсіі”. Жыць — гэта адчуць на сваіх плячах як цяжар вясковага побыту, так і веліч традыцыйнага свята.

Традыцыйнае ткацтва — адно з самых архаічных і таямнічых рамёстваў. Веткаўшчына ж славіцца гэтым рамяством па ўсім свеце, дзякуючы знакамітым майстрам з вёскі Неглюбка.

Раней у кожнай вясковай хаце не сціхаў “голас” кроснаў. Зараз жа крыху іншая сітуацыя, ва ўсёй Неглюбцы не налічыш і дзясятак ткачых, якія б праводзілі свае дні ды вечары за стварэннем унікальных неглюбскіх ручнікоў. Але ж не ўсё так і дрэнна… Сэрцам сучаснай Неглюбкі па праву лічыцца Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва, дзе да нашага часу захоўваюць і перадаюць новаму пакаленню сакрэты неглюбкіх узораў. У гэтым жа накірунку, захавання і папулярызацыі неглюбскага ткацтва, працуе і Веткаўскі музей, які валодае больш як паўтысячнай калекцыяй неглюбскага хараства (агулам калекцыя тэкстылю музея падходзіць да чатырох тысяч).

У гэтым годзе дзесяць чалавек з Гомеля, Мінска, Брэста і нават Сан-Францыска адчулі на сабе ўсю адказнасць за традыцыю. Супрацоўнікі Веткаўскага музея такім чынам сфарміравалі праграму «летніка», каб ва ўсіх удзельнікаў была магчымасць паглыбіцца і паспрабаваць не столькі навучыцца, а колькі зразумець традыцыю.

Раніца звычайна пачыналася са спеву суседскіх пеўняў, паходам за халоднай крынічнай вадой і, канешне, гімнастыкі. Але не звычайнай, а галасавой! Неглюбскія спявачкі заўжды славіліся сваім унікальным высокім музычным тэмбрам, і каб да яго “дацягнуцца”, голас патрэбна было падрыхтаваць. Пасля ўсіх гімнастычных прыёмаў кожную раніцу па вуліцы, дзе жылі госці свята, разліваліся знакамітыя неглюбскія песні — веснавыя, стрэльныя, жніўныя…

Пасля плотнага сняданку, які гатаваўся разам, усе накіроўваліся спасцігаць азы неглюбскага ткацва. Пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Неглюбскага цэнтра ткацтва Людмілы Кавалёвай, Алены Дзямчыхінай і дырэктара Веткаўскага музея Пятра Цалкі ўсе атрымалі навыкі снавання, навівання і запраўкі кроснаў, ткацтву “ўпроста”, “наборам” і “закладам”. Асобнай задачай перад арганізатарамі мерапрыемства стаяла данесці глыбокі сэнс знакамітых неглюбскіх узораў. І тут з-пад чаўнакоў на свет пачалі нараджацца “вядзьмедзі”, “васьмірожкі”, “жабкі”, “бочачкі”, “сады і балонкі”… Сакрэтамі і вопытам “прачытання” арнаментаў і традыцыі арнаментавання падзялілася намеснік дырэктара па навуковай працы Веткаўскага музея — Галіна Рыгораўна Нячаева. У выніку, калі ўсе палотны былі сатканыя, прыйшоў час да сапраўднай традыцыйнай вечарыны са спевамі ды танцамі. Падтрымалі ідэю агульнай весялосці ўдзельнікі гурта “Саўбунскія вячоркі” і гомельскай “Школкі бытавога танца”. У нядзелю, заместа таго, каб адсыпацца пасля добрай вечарыны, удзельнікі летніка па трыдыцыйным ткацтве наведалі ранішнюю службу ў царкве.

Такім чынам, як бачым з вышэй напісанага — і душа, і цела ўдзельнікаў «Кросінцаў» напоўніліся сілай і прагажосцю сапраўднай традыцыі. Спасціжэнне традыцыйнай культуры, то справа складаная, таму адным-двума летнікамі па ткацтву не абыйдземся. Як і раней Веткаўскі музей працягвае сваю асноўную музейную дзейнасць — фіксацыя, збор і захаванне прадметаў музейнага значэнне. Але ж і не забывае пра навуковыя даследаванні, адукацыйныя і выдавецкія праекты, мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю традыцыйнай спадчыны Беларусі.

Пятро ЦАЛКА, дырэктар Веткаўскага музея.

http://www.vetkagolos.by/2019/08/28/u-agragaradku-neglyubka-prayshou-festyival-tkatskaga-ramyastva/

Облако тегов

Архив новостей

Декабрь 2019 (10)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
^