Загучала народная беларуская песня, яна плыла, захапляла, закранала самыя патаемныя струны душы. Бурнымі апладысментамі ды прыгожымі кветкамі дзякавалі гледачы за сустрэчу з нашай народнай песняй. А тым часам на пляцоўку вядучая запрасіла калектыў-спадарожнік Народнага ансамбля “Веснянка” узорны гурт “Карагод”. Юныя артысты не толькі выконвалі беларускія народныя песні, а вельмі заўзята танчылі. Нямала танцаў ёсць на свеце, трэба ўмець іх толькі выбіраць, а вось Ліплянскую кадрэлю дзеці запрасілі гледачоў разам з імі танцаваць. Шмат апладысментаў атрымалі салісты дома культуры: Нелі Халява, Тамара Гаўрылавец, Павел Рагачоў, Анастасія Батурэвіч, Дзмітрый Лось малодшы. Асобныя словы падзякі музыкам — Уладзіміру Ляўкоўскаму і Паўлу Рагачову. Яскравым стаў фінал. Усе самадзейныя артысты, якія прымалі удзел у канцэрце, выйшлі на імправізаваную сцэну, дзе іх бурнымі апладысментамі віталі гледачы. Мы спадзяемся, што сустрэча з нашай народнай песняй не пакінула гледачоў абыякавымі і ўпэўненыя ў тым, што народная песня – гэта той скарб, які трэба берагчы і перадаць нашчадкам.
Уладзімір Ляўкоўскі
Аўтар фота Лось Людміла