Главная » Культура Гомельщины » Ваджэнне Сулы ў Гомельскім раёне атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Информация к новости
10-04-2019

Ваджэнне Сулы ў Гомельскім раёне атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Категория: Культура Гомельщины

Наданне адпаведнага статусу нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека з’яўляецца значнай падзеяй. У цяперашні час у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 5445 матэрыяльных і толькі 125 нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Абрад “Ваджэнне Сулы” ў 2019 годзе адбудзецца 29 красавіка. Гэта адметнае праяўленне веснавой абраднасці, скіраванае на забеспячэнне добрай ураджайнасці, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і засцярогу ад прыроднай стыхіі – маланкі. У Суле аб’ядноўваюцца дзве суседнія вёскі – Гадзічава і Маркавічы – і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі – мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзей – жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя па-мясцоваму адметныя самаробныя строі. Слова “Сула” ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў. Штогадовае правядзенне абраду “Ваджэнне Сулы” ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна было перапынена ў 1967 г. мясцовай уладай і адноўлена праз 40 год, у 2007 г. намаганнямі мясцовых энтузіястаў пры падтрымцы настаўнікаў і кіраўнікоў Маркавіцкага дзіцячага садка – сярэдняй школы.

Ваджэнне Сулы адбываецца на другі дзень Вялікадня, распачынаючы час моладзевых гулянняў на вуліцы. Пасля Велікоднай літургіі, што праходзіць у Свята-Кацярынінскай царкве ў вёсцы Гадзічава, жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог каля царквы і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды – “танкi”. Узяўшыся пад рукі, шэрагамі ідуць з песняй “Як ішла Сула”, а затым з прыпеўкамі пад гармонік у бок вёскі Маркавічы, уздоўж старога Кацярынінскага шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, “танкi” паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца абрадавымі спевамі, гульнямі і прыпеўкамі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца жадаючыя. Завяршаецца абрадавае свята каля сельскага дома культуры сумесным частаваннем і гуляннем.

Тэкст: І. Глушэц 
Фота: А. Паўлоўская, І. Грамыка, А. Нарэйка

https://ocnt.iptel.by/2019/news/sulagkk.htm

Облако тегов

Архив новостей

Декабрь 2019 (13)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
^