Главная » Культура Гомельщины » Ваджэнне Сулы ў Гомельскім раёне атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Информация к новости
6-03-2019

Ваджэнне Сулы ў Гомельскім раёне атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Категория: Культура Гомельщины

Абрад “Ваджэнне Сулы” ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці ўяўляе сабой адметнае праяўленне веснавой абраднасці, семантычна скіраванае на забеспячэнне добрай ураджайнасці на агародзе і палях, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і засцярогу ад прыроднай стыхіі - маланкі. У ваджэнне Сулы аб’ядноўваюцца дзве суседнія вёскі - Гадзічава і Маркавічы, а таксама іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі - мясцовая моладзь, выканаўцы жа абрадавых дзей - жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя па-мясцоваму адметныя самаробныя строі. Слова “сула” ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў.

Ваджэнне Сулы адбываецца на другі дзень Вялікадня ў вёсцы Гадзічава адразу пасля Велікоднай літургіі, што праходзіць у мясцовай Свята-Кацярынінскай царкве. Так пачынаецца час моладзевых гулянняў на вуліцы. Жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог ля царквы і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды (“танкi”) - колавы (“Як на нашай вуліцы шырокая возера”), змейкай (“крывы”: “А ў крывога танка, да не выведу канца”), карагоды-гульні “Чарнабрывы каралёк” і “Падшыбну кабыліцу”, падчас апошняга падкідваюць угору маленькіх дзяўчатак з воклічамі “Вялікае расці!”, “Здаровае расці!”. Пасля ўсе ўдзельнікі абраду становяцца ў шэрагі, узяўшыся пад рукі, і ідуць з песняй “Як ішла Сула” (лінейны карагод), а затым з прыпеўкамі і песнямі пад гармонік у бок вёскі Маркавічы, уздоўж Кацярынінскага шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, “танкi” паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца гульнёй “Гарэпня”, спевамі “Як ішла Сула”, прыпеўкамі і песнямі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца ўсе жадаючыя. Завяршаецца абрадавае шэсце каля сельскага дома культуры, дзе маркаўчанка з кулічом на ручніку сустракае прадстаўніцу Гадзічава і яны хрыстосуюцца. Свята заканчваецца сумесным частаваннем і гуляннем.

Штогадовае правядзенне абраду “Ваджэнне Сулы” ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна было адноўлена ў 2007 г. пасля 40-гадовага перапынку (у 1967 г. традыцыя была прыпынена мясцовай уладай) намаганнямі мясцовых энтузіястаў пры падтрымцы ДУА “Маркавіцкі дзіцячы сад - сярэдняя школа” .

Намінацыйныя дакументы падрыхтавалі сумесна: носьбіт элемента Віктар Шыпкоў, дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры Гомельскага раёна”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкама пры куратарскай падтрымцы ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” і грамадскага эксперта Рэгіны Гамзовіч. Навуковую апрацоўку і ацэнку правялі эксперты: прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”, доктар філалагічных навук Валянціна Новак і вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”, магістр мастацтвазнаўства - Ірына Глушэц.

Прапанову па наданню элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прадставілі:

Галіна Пракапенка - носьбіт элемента, загадчык Маркавіцкага сельскага дома культуры дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры Гомельскага раёна”;

Ірына Траццяк - галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкама;

Ірына Глушэц - вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”.

Старшыня Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, намеснік Міністра культуры Сяргей Шарамецьеў падчас абмеркавання прапановы Гомельскага раёна звярнуў асаблівую ўвагу на адказнасць мясцовых органаў улады і носьбітаў адметнай праявы народнай культуры за яе далейшую падтрымку і папулярызацыю.

Облако тегов

Архив новостей

Декабрь 2019 (9)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
^