Главная » Культура Гомельщины » Гiсторыя БССР у стравах i традыцыях
Информация к новости
8-02-2019

Гiсторыя БССР у стравах i традыцыях

Категория: Культура Гомельщины

У чытальнай зале на сталах, засцеленых ільнянымі абрусамі, гасцей сустракалі талеркі з халадніком, дранікамі, клёцкамі, квашанай капустай, марынаванымі агуркамі і грыбамі на любы густ, мачанкай з блінамі і мочанымі яблычкамі, дамашняй каўбасой і салам, наліснікамі, жаранай рыбай і рыбным пірагом. У пузатых гладышах прытаіліся ягадныя кампоты, морсы і бярозавік. Нават беларускія ананасы (кабачкі па асабістаму рэцэпту) «зацёрліся» ў гэтую гастранамічную фантазію. А які цудоўны водар напаўняў паветра бібліятэкі… Аб гэтым толькі добры паэт можа распавесці блізка да сапраўднасці. Нездарма напярэдадні свята бібліятэкары з Вялікіх Нямкоў, Хальча, Малых Нямкоў, Радугі, Веткі, Свяцілавічаў і Навасёлак завіхаліся на сваіх кухнях. Было прыгатавана каля 50 страў на любы густ. А рэцэпты найбольш адметных шэдэўраў клапатлівыя гаспадыні прапанавалі цікаўным гасцям на асобных аркушах.

Свой край, свой рай бульбяна-жытны дырэктар раённай бібліятэчнай сістэмы Марына Барсукова і бібліятэкар чатыльнай залы Святлана Дзядкова прадставілі як скарбонку з багацейшым культурным набыткам, моцнымі традыцыямі і хлебасольнасцю, аб якой за межамі нашай краіны складаюць легенды. І, напэўна, ні адзін з беларускіх пісьменнікаў не змог аб гэтым сказаць так ёмка і мілагучна, як гэта зрабіў Якуб Колас. Радкі яго верша «На полі вясной» песняй гучалі з вуснаў першакласніцы Прыснянскай базавай школы Ксеніі Краўчанка. А калі на імправізаваную сцэну выйшлі бібліятэкары Хальчанскай бібліятэкі Крысціна Маліноўская, Святлана Шапавалава, яе чалавек Сяргей і дзеці Данііл і Марыя з майстар-класам па прыгатаванні клёцак ад класіка беларускай літаратуры (урывак «Дзядзька-кухар» з паэмы Я. Коласа «Новая зямля») нават самым далёкім ад кулінарыі людзям захацелася паспрабаваць прыгатаваць дзіва-страву ў бярозавіку.

Не менш слушна гучаў урывак з верша Пімена Панчанкі «Бульба» ў выкананні бібліятэкара Пыханскай бібліятэкі Ірыны Шэпавалавай. А калі вядучыя звярнуліся да парад па прыгатаванні другога хлеба беларусаў, карысныя факты ў асабістую скарбонку «хітрыкаў» зафіксавалі нават вопытныя гаспадыні. Не лішнім было і ўзгадванне некаторых правілаў застольнага этыкету.

«Цвіком» творчай праграмы стаў сябра бібліятэкі Павел Рослікаў. Ён ладна чытаў вершы, іграў на гармоніку і спяваў песні. Час ад часу яму дапамагала кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля «Крыніцы» Таццяна Гудкова. А ўся імпрэза, пранізаная духам гасціннасці і дабразычлівасці, нагадала веткаўчанам, што ўсе мы — добрыя сябры, здольныя разам ладна і карысна праводзіць час.

Другая частка гастранамічнага фестывалю праходзіла ў больш вольным фармаце. Гаспадыні запрасілі гасцей да стала пачаставацца лепшымі ўзорамі беларускай кухні.

Плануецца, што фестываль нацыянальнай кухні стане штогадовым і з часам перарасце ў брэнд Веткаўскага раёна. Арганізатары не выключаюць магчымасці павелічэння колькасці ўдзельнікаў і пашырэння тэматычнай разнастайнасці свята.

Ганна КОДАЛАВА.

Облако тегов

Архив новостей

Август 2019 (1)
Июль 2019 (26)
Июнь 2019 (30)
Май 2019 (29)
Апрель 2019 (35)
Март 2019 (35)
^