Главная » Новости » Напярэдадні навагодніх святаў адбылося адкрыццё выставы “Ікона звалась Свячой”
Информация к новости
23-01-2019

Напярэдадні навагодніх святаў адбылося адкрыццё выставы “Ікона звалась Свячой”

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Прэзентацыю распачаў дырэктар музея Пётр Цалка. Ён падкрэсліў, што абрад «Свяча» з’яўляецца адным з самых адметных абрадаў у традыцыйнай культуры беларускіх вёсак Гомельшчыны. «Свячой» называюць як абрад, так і яго рытуальныя прыналежнасці.

Дарэчы, вывучэнне дадзенай тэмы стала адной з асноўных у навуковай дзейнасці супрацоўнікаў Веткаўскага музея, таму ёю цікавіліся падчас усіх экспедыцый апошняга часу, падкрэсліў Пётр Міхайлавіч. Адным з вынікаў такіх даследаванняў і з’яўляецца выставачны праект «Ікона звалась Свячой…». У выставачнай прасторы тэксты, запісаныя супрацоўнікамі музея ў шматлікіх экспедыцыях па Гомельшчыне, Магілёўшчыне, Браншчыне, паўстаюць перад намі ў своеасаблівыя вобразныя, тэматычныя комплексы-інсталяцыі.

Вялікі багаж фальклорна-этнаграфічных ведаў па абраду «Свячы» за дзесяцігоддзі навукова-даследчай дзейнасці назапасіў навуковы супрацоўнік музея Генадзь Лапацін. З яго памкненняў тэрмін «Свяча» ўвайшоў у навуковы абіход. Некалькі год таму свет пабачыла кніга «Ікона звалась свячой».

Генадзь Ісаакавіч працягнуў экскурсію, выдзяляючы найбольш істотныя факты традыцыі. Сутнасць абраду ў тым, што «Свяча» — васкавая свяча і ікона святога — пачаргова знаходзілася ў хатах жыхароў вёскі: год — у адной, год — у другой, і так пакуль не абыйдзе ўсю вёску. Пераносілі «Свячу» ў дзень памяці святога, лік якога быў на свячной іконе. У гэты дзень было так званае прыстольнае свята вёскі.

Звычайна абрад праходзіў два дні. У першы дзень людзі збіраліся ў хаце, дзе знаходзілася «Свяча», маліліся, пелі псальмы, гаспадары іх частавалі. Наступным ранкам «Свячу» пераносілі ў іншую хату. Дарогу засцілалі посцілкамі або саломай, ельнікам ці кветкамі. Наперадзе неслі хлеб, соль, свечку і ікону. Хворыя людзі, дзеці і тыя, хто хацеў змяніць да лепшага свой лёс, «падлазілі» пад ікону, якая мела цалебныя ўласцівасці.

Як мяркуюць даследчыкі, абрад узнік недзе ў 15 стагоддзі. І спачатку была свяча — як хрысціянізаваны рэлікт культа хатняга агню, што суадносіцца з культам продкаў. Пазней людзі далучылі ікону.

Гэта магутная хрысціянская з’ява, якая на працягу стагоддзяў дапамагала захоўваць праваслаўную веру, рэалізаваць сябе як хрысціяніна, асабліва ў тых вёсках, дзе не было храма, падкрэсліў даследчык. У наш час абрад заціхае, аднак у некаторых вёсках Гомельшчыны традыцыі яшчэ жывыя.

Самае галоўнае, што атрымалася дасягнуць арганізатарам выставы — гэта матэрыялізаваць духоўную, нематэрыяльную фальклорную спадчыну. Словы носьбітаў спрадвечных ісцін, запісаныя на дыктафоны ці паперы супрацоўнікамі музея пачынаюць складвацца ў цэлыя «карціны», ператварацца ў «кінафільмы» перад наведвальнікамі. Так, у выставачнай зале можна пабачыць дванадцаць камплектаў аўтэнтычных і рэканструяваных тыпаў «Свеч», што існавалі і існуюць зараз на Гомельшчыне, інтэрактыўную карту распаўсюджвання абраду; амаль два дзясяткі народных ікон канца XVIII — пачатку XX ст., больш чым паўсотні ручнікоў канца XIX — сярэдзіны XX ст. Там таксама — экспедыцыйныя фотаздымкі абраду, сшыткі з рукапісамі псальмаў і фальклорныя тэксты, звязаныя рытуальнымі момантамі і дзействамі.

Пры падрыхтоўцы выставы выкарыстаны экспанаты з фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, Царкоўна-гістарычнага музея Беларускай праваслаўнай царквы пры Мінскай духоўнай акадэміі, Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.

На адкрыцці выставы госці пачулі аўтэнтычнае выкананне народных псальмаў ад калектыва «Стаўбунскія вячоркі» з вёскі Стаўбун і ўдзельніцы калектыва «Святы Пакроў» СШ №30 г. Гомеля Ірыны Века.

Запрашаем наведаць выставу і дакрануцца да вытокаў народнай культуры!

Н. ЦІТУШКІНА.

Облако тегов

Архив новостей

Июль 2019 (13)
Июнь 2019 (30)
Май 2019 (29)
Апрель 2019 (35)
Март 2019 (35)
Февраль 2019 (30)
^