Главная » Новости » Бісерапляценне – самавыяўленне
Информация к новости
12-11-2018

Бісерапляценне – самавыяўленне

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Маім самым любімым момантам у аповесці Аляксандра Грына «Пунсовыя парусы» – калі галоўны герой Грэй выбірае колер тканіны для парусаў. Колькі тонкіх адценняў называе аўтар, калі герой карпатліва перабірае адзін за адным шаўковыя адрэзы. Прыкладна такім жа чынам выбірае для кожнай сваёй работы неабходныя адценні дробных бісерынак хайнічанка Вера Пятроўна Карэцкая.
У яе кватэры амаль не засталося вольнага месца. Усе плоскія паверхні даўно сталі паліцамі пад разнастайныя кветкі. Але гэта не творы прыроды, а ўзоры майстэрнасці самой гаспадыні. У гаршках, вазах, слоіках «растуць» архідэі, лілеі, фіялкі, ружы і эустомы. Больш за паўсотні кампазіцый атрымліваецца. А гэта, дарэчы, толькі за апошнія два гады.
У пазамінулым годзе, калі Вера Пятроўна працавала вартаўніком у ЦТДіМ, яна звярнула ўвагу на гурток па бісерапляценні. Там дзеткі пад наглядам настаўніка вучыліся ствараць з танюткіх бісерных нітачак пялёсткі і лісцікі, а потым сплятаць іх у кветку. Гэта паказалася цікавым і дарослай жанчыне. А потым спадабалася настолькі, што на працягу некалькіх наступных тыдняў увесь вольны час прысвяціла гэтаму занятку, нават не хацелася траціць цэнны час на сон ці адпачынак – хутчэй бы за работу ўзяцца. Адчулі змены ў паводзінах дзеці і ўнукі Веры Пятроўны – ужо не прысвячала столькі ўвагі бабуля сваім блізкім. Але ж аднесліся з разуменнем.
Патрэбную інфармацыю шукала ў інтэрнеце, заходзіла часам у залу ЦТДіМ, дзе рабяты працягвалі асвойваць мудрагелістасць бісернай справы. Як сёння адзначае Вера Пятроўна, яе блізкія былі здзіўлены такім захапленнем, таму што дагэтуль цікавасці да якога-небудзь віду рукадзелля яна не выказвала. Затое на цяперашняе хобі выліла ўсю нерастрачаную энергію.
Здаецца, гэты творчы чалавек ніколі не спыняецца, каб ні стварыць нешта новае і незвычайнае. Толькі ўлетку робіць для сябе перапынак – у цёплы сезон пераключаецца на агародніцтва, бо даглядае ўчастак у матулі ў аграгарадку Веляцін, на сваёй малой радзіме.
З наступленнем халадоў Вера Карэцкая зноў займае стол рознымі прыладамі для пляцення, пад рукой заўсёды ноўтбук, пасродкам якога дзеліцца фотаздымкамі сваіх твораў у сацыяльнай сетцы і шукае новыя натхняючыя вобразы. Праўда, як і належыць вопытнаму творцу, дадае да сваіх работ асабістыя дэталі, эксперыментуе з формамі і памерамі кветак.
Кожная работа ўражвае выглядам, колерамі і нейкім унутраным ззяннем. Таму нядзіўна, што ўсе, каму падарыла Вера Пятроўна такія кветкі з бісеру, высока цэняць прэзент і ганарацца сяброўствам з сапраўднай мастачкай.
Вера Пятроўна, сама таго не падазраючы, з’яўляецца выдатным узорам чалавека, які, нягледзячы на ўзрост, поўнасцю аддаецца любімай справе, няхай яна і не прыносіць заробку. Затое хобі дорыць ёй пачуццё поўнага паглыблення ў справу і адначасова спакой. А вынік доўгачасовай ручной работы апраўдваецца неверагоднай прыгажосцю. Кожную кветку ці букет Вера Пятроўна старанна афармляе, падбіраючы ёмістасць, рыхтуючы спецыяльны раствор з цэменту і гіпсу для замацавання канструкцыі ў гаршку. Словам, рукадзельніца да кожнай дробязі падыходзіць з адказнасцю – усё ж любімая справа, не хочацца халтуру рабіць.

На прапанову зрабіць з гэтага яркага хобі невялікі бізнес па вырабу і продажу такіх шыкоўных кампазіцый мая суразмоўца прызнаецца, што ўкладае ў работу столькі любові і старання, што проста шкада ад сэрца адрываць. Хіба што для самых блізкіх можа зрабіць выключэнне і падарыць рукатворную прыгажосць.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА

Облако тегов

Архив новостей

Декабрь 2018 (16)
Ноябрь 2018 (18)
Октябрь 2018 (30)
Сентябрь 2018 (21)
Август 2018 (16)
Июль 2018 (15)
^