У гэтым годзе на конкурс Калінкавіцкі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр прадставіў выставу “Аўцюкоўскі кірмаш”, прысвечаную Году малой радзімы. Выхаванцы дзіцячага прытулку, увесь наш калектыў, сумесна з дзецьмі з дзіцячага дому сямейнага тыпу г.Калінкавічы, вельмі стараліся.
Былі на нашым “Аўцюкоўскім кірмашы” — і парася “з нагамі ў цэменце, каб даўжэйшае вырасла”, і разумная кура, якая “есці ходзіць да суседа, а яйкі дома нясе”, і “закаханыя шпакі”, і гігантская “бульба, якую садзілі ўначы, каб жукі-каларады не бачылі”. А аўцюкоўскія прысмакі здзівілі нават членаў журы – красаваліся на кірмашы “аўцюкоўскія камы”, аўсяны кісель, аладкі з макам, гарбузовая каша, прыгожы і смачны каравай з аўцюкоўскай мукі новага ўраджаю.
Каларытна, з музыкай і аўцюкоўскімі прыпеўкамі, прэзентавалі выставу прыгажуня Калінка, вобраз якой стварыла наш сацыяльны педагог Ганна Кручкова, разам з малымі дзеткамі-аўцючанятамі – выхаванцамі дзіцячага прыюта і ДДСТ.
Журы па заслугах ацаніла нашу выставу, прысудзіўшы ёй першае месца сярод сацыяльна-педагагічных цэнтраў Гомельскай вобласці.
Ала КАВАЛЕНКА, намеснік дырэктара раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.