Главная » Новости » Бібліятэкар – прафесія ўніверсальная
Информация к новости
12-10-2018

Бібліятэкар – прафесія ўніверсальная

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Вялаўск быў для яе заўсёды родным. Хаця жыла ў дзяцінстве ў Чарноцкім, сюды хадзіла ў школу. Сюды прыехала і працаваць. Пры заканчэнні гандлёвага вучылішча трэба было мець пацвярджэнне пра працаўладкаванне. На той час будучая свякруха Ніна Качэля саступіла паўстаўкі санітаркі пры вялаўскім ФАПе. Праз некалькі гадоў бібліятэкар сельскай бібліятэкі Паліна Кніга прапанавала Таццяне яе замяніць.

– Пачынаць у бібліятэцы было цяжка, – узгадвае Таццяна Аляксандраўна. – І не таму, што работа складаная, не, найперш з-за таго, што хацелася быць не горшай за Паліну Іванаўну, якая была майстрам сваёй справы. Ужо потым завочна я скончыла бібліятэчны тэхнікум, стала адчуваць сябе больш упэўнена. Свякроўка мая Ніна Мікалаеўна была галоўным памочнікам. На той час працавала таксама бібліятэкарам, але ў школе. Праўда, хутка бібліятэкі пры школе не стала, але мая другая матуля пакінула мне тое, чым сама займалася многія гады з любоўю і азартам. Гэта яна сабрала экспанаты для стварэння музейнага пакоя. Праўда, цяпер няма прыстойнага месца для ўсяго гэтага скарбу, але ўсё ашчадна захоўваецца ў школе, часта скарыстоўваем у час правядзення мерапрыемстваў.

Бібліятэка не можа працаваць адасоблена. У гэтым упэўнена Таццяна Качэля. Таму яна абавязковая ўдзельніца і суарганізатар усіх мерапрыемстваў у мясцовым сельскім клубе нароўных з цяперашнім яго загадчыкам Наталляй Чаплінскай і былой загадчыцай, цяпер акампаніятарам Ларысай Амельчанка. “Мы робім адну справу”, – кажа яна.

Тое ж можна сказаць і пра супрацоўніцтва бібліятэкі з мясцовай пачатковай школай-садам. Але тут і абставіны іншыя.

Муж Таццяны Вадзім пасля атрымання дыплома прыехаў працаваць у родны Вялаўск настаўнікам. На жаль, бяда прыйшла ў іх сям’ю. Ужо сыны Кірыл і Назар былі школьнікамі, калі бацька        з-за хваробы страціў слых. Ды толькі духам не ўпаў ні ён, ні яго спадарожніца. Хваробу перамаглі, потым даказалі, што такі педагог мае права працаваць з дзецьмі. Сёння Вадзім Уладзіміравіч вядзе ўрокі, дзеці яго любяць, бо ў настаўніка добрае сэрца і асаблівыя адносіны да іх. А ў выхаваўчай рабоце, якая ў школе-садзе таксама на яго ўскладзена, яму першы памочнік – Таццяна. Разам праводзяць усе святочныя мерапрыемствы, конкурсы, ходзяць на экскурсіі, наведваюць аднавяскоўцаў. У выніку, калі гаварыць афіцыйнай мовай, цеснае супрацоўніцтва ўстановы адукацыі і ўстановы культуры.

– Здаецца, самае прыемнае, калі дзеці, узбуджаныя і задаволеныя ад чарговага мерапрыемства, пытаюць, калі сустрэнемся ў наступны раз, – з заўважным гонарам гаворыць бібліятэкар. – Нават ідучы па сваіх справах, заходзяць у бібліятэку, каб павітацца і расказаць пра апошнія падзеі. Калі аднавяскоўцы прыходзяць сюды проста пагутарыць, спытаць парады, што пачытаць. Ёсць і тыя, хто прыносіць свае кнігі, перачытаныя дома многа разоў, напрыклад, адна з самых заўзятых чытачак Валянціна Бычкоўская. У тым ліку і з іх дапамогай у нас нядрэнны камплект кніг у букросінгу – калі можна браць кнігі, прыносіць на замен іншыя. Букросінг – зручна. Ёсць непастаянныя чытачы, якім бібліятэчную кнігу лепш не даваць, могуць не вярнуць. А букросінг – выдатнае выйсце.

Сёння ў Вялаўску і суседніх вёсках жыве каля трох соцень чалавек. І кожнага Таццяна Аляксандраўна ведае, гатовая дапамагчы. Яшчэ і таму, што так і працягвае працаваць па сумяшчальніцтве ў ФАПе. Ідучы па вуліцы, мы сустрэлі пажылую жанчыну з Чарноцкага, якая падышла да бібліятэкара са сваім клопатам і, заўважу, з упэўненасцю, што тая дапаможа: знікла ў яе сядзібе электрычнасць.

– Праблем хапае ў вёсцы, асабліва калі мы залежныя ад ракі. Стане яна – і адрэзаныя ад раёна на паўгода, – дзеліцца думкамі Таццяна Аляксандраўна. – Няма ў нас фельчара свайго, прыязджае па некалькі разоў на тыдзень з Конкавічаў, калі транспарт не падводзіць. Моладзі мала, у школу ходзяць 9 дзетак, 12 – у дзіцячы садок. Насельніцтва больш сталага ўзросту. Таму ніколі не дзеліш, дзе твая работа, дзе – не. Не маеш права не дапамагчы ім. Ёсць, на жаль, і дзеці, якім дома не цікава і не ўтульна, ідуць да мяне за добрым словам і спагадай, каб іх паслухалі і з імі пагутарылі.

Кніга ў сям’і Качэляў – гэта не толькі прафесія матулі, гэта сямейнае захапленне. Некалі раней усе разам любілі слухаць музыку, цяпер, калі яе не чуе бацька, музыка ў доме не гучыць. Чытаюць адны і тыя ж кнігі, абмяркоўваюць, спрачаюцца. І як кажа Вадзім Уладзіміравіч, на іх СМС-паведамленнях, якія замяняюць размовы, ужо можна было б раман напісаць.

Таццяна Аляксандраўна прызнаецца, што ніколі ў іх з мужам не было думкі паехаць з роднай вёскі. Навошта? Тут ёсць жыллё, побач маці, якая заўсёды дапаможа, праца, якая прыносіць задавальненне, робіць яе патрэбнай людзям і прыносіць падзякі і ўзнагароды.

Алена БРУЦКАЯ

«Петрыкаўскія навіны»

Облако тегов

Архив новостей

Октябрь 2018 (21)
Сентябрь 2018 (21)
Август 2018 (16)
Июль 2018 (15)
Июнь 2018 (24)
Май 2018 (16)
^