Главная » Новости » Красуйся, песня родная, спявай, душа народная!
Информация к новости
25-09-2018

Красуйся, песня родная, спявай, душа народная!

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Для сямейна-творчага дуэта Святланы і Дзмітрыя Ціхіня любоў да народнай песні пачыналася недзе ў далёкім дзяцінстве разам з калыханкамі матуль, спяваючых над калыскамі. Але ж вытокі гэтых жыватворных крыніц, як і малая радзіма, у кожнага з іх свае. Для Святланы – Петрыкаўшчына з яе цудоўнымі матывамі, авеяная легендарным мінулым краю і мужнасцю дзеда Талаша, і сонцам, якое ззяла ў ваконцы. А для Дзмітрыя – Калінкавіцкі раён, надзвычай вядомы сваёй песеннай творчасцю, а таксама жыццярадаснымі, яскравымі і гумарнымі «Каласкамі» і «Калінкамі». Жаданне завязаць моцнае сяброўства з музыкай і песняй абоіх прывяло спачатку ў музычныя школы, а потым – у Мазырскае музычнае вучылішча. Святлану вабіў акадэмічны вакал, а Дзмітрыя – музычныя інструменты, прычым, не толькі сучасныя класічныя, такія, як акардэон, а і старадаўнія беларускія.

– Мне здаецца, – з усмешкай успамінае  Святлана, – што са з,яўленнем Дзімы ў  маім жыцці я знайшла тую чароўную «Папараць-кветку», якую марыць знайсці кожная дзяўчына. Разам з гэтым тады ў далёкім юнацтве, калі я была на раздарожжы паміж акадэмічнай песняй і народнай,  з,явіўся дуэт «Вербніца», перайменаваны пазней у гурт «Папараць-кветка». Такім чынам, пазнаёміўшыся бліжэй з народнай песняй, новымі аранжыроўкамі, зробленымі для нас Дзмітрыем, я зразумела сэрцам у якім накірунку рухацца далей. І адчула, што народная песня бліжэй за ўсё. Яна яднае людзей, даходзіць да глыбіні душы…

Пачатак творчага поспеху вакальнага гурта «Папараць-кветка» адбыўся ў 2004 годзе на II Усебеларускім фестывалі народнага мастацтва «Беларусь – мая песня», дзе калектыў быў узнагароджаны дыпломам I ступені. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2006 го-дзе за творчае развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць ансамблю было прысвоена званне «Народны аматарскі калектыў». Гэта ўсё паспрыяла таму, каб калектыў працаваў далей яшчэ больш плённа, што пацвярджалася дыпломамі. Дзяўчаты шукалі новыя павароты ў сваёй дзейнасці, галоўным накірункам якой было захаванне аўтэнтычнасці.  Таму нездарма ў 2013 годзе, падчас абласнога агляду-конкурсу вакальных народных ансамбляў народнай песні  «Папараць-кветка» была ўзнагароджана дыпломам I ступені, а таксама Дыпломам за лепшае выкананне апрацоўкі беларускай народнай песні без інструментальнага суправаджэння.

Вакальны гурт «Папараць-кветка».

У гурце народнай музыкі і песні «Стрэчанне» творчая дзейнасць Святланы Ціхіня пачыналася ў якасці вакалісткі ў 2002 годзе. Увогуле, гэты час для іх з Дзмітрыем стаў лёсавызначальным, як і сама назва гэтага творчага калектыву, аднаго з ліку старэйшых на культурнай прасторы Мазыр- шчыны і Палаца культуры ААТ «Мазырскі НПЗ». Створаны ў 1990 годзе, народны гурт народнай  музыкі і песні «Стрэчанне», у вытокаў якога стаяла Ніна Антонаўна Капусціна, з кожным годам ўзмацняў свае пазіцыі і ўсё зычней заяўляў аб сабе ў рамках рэгіёна, вобласці, рэспублікі. Народную песню на высокі ўзровень уздымалі самаадданыя і закаханыя ў творчасць людзі, галоўным чынам – завадчане, аб,яднаныя агульнымі ідэямі, жаданнямі…

Народны гурт народнай музыкі і песні «Стрэчанне».

Сямейна-творчы дуэт – мастацкі кіраўнік  каллектыву Святлана Яўгеньеўна і кіраўнік інструментальнай групы Дзмітрый Васільевіч Ціхіня – сёння працягвае лепшыя традыцыі, закладзеныя  папярэднікамі. У склад вакальнага гурта ўваходзяць мужчыны і жанчыны рознага ўзросту, прафесійнай прыналежнасці, сапраўдныя энтузіясты, аматары народнай музыкі і песні. У складзе інструментальнай групы людзі, прафесійна валодаючыя скрыпкай, флейтай, баянам, цымбаламі, кантрабасам і ударнымі інструментамі.  Яркай адметнасцю каллектыва з‘яўляецца выкананне традыцыйнай музыкі і народных песень Прыпяцкага Палесся.

«Стрэчанне» – неаднаразовы ўдзельнік і лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, такіх як  – «Кліч Палесся», «Беларусь – мая песня» міжнароднага фестывалю ў Беластоку, «Славянскі базар» у Віцебску, лаўрэат  фестываляў народнай песні ў Латвіі і Літве, Малдове, Украіне, Расіі, Германіі і іншых. Калектыў захоўвае багацейшую спадчыну нашых продкаў, бо менавіта культура аб’ядноўвае людзей і пашырае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі і нават краінамі. Дарэчы, каб на высокім узроўні  прадставіць сваю краіну Беларусь на ХХIII Міжнародным фальклорным фестывалі нацыянальных культур у Чэхіі, які адбыўся ў мінулым годзе, калектыў падрыхтаваў адмысловую  канцэртную праграму, у якой адбівалася песенна-музычная і харэаграфічная культура беларускага Палесся з бытавымі песнямі, танцамі і народнымі мелодыямі. Гэтаму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца: кіраўнікі калектыву і аркестра ездзілі па вёсках, збіралі песенны і музычны матэрыял, каб надаць новае жыццё забытым народным мелодыям і ператварыць іх у прыгожыя творы для «Стрэчання». Такім чынам, дзякуючы ўсім намаганням, былі падрыхтаваны інструментальна-харэаграфічныя нумары, у лік якіх увайшлі народныя танцы пад акампанемент баяна: «Матлёт», «Карапет», «Падыспань», «Нарэчанька», «Полька беларуская». Наноў быў адкрыты і цэлы вянок іструментальных твораў, сярод якіх – знакамітая  «Кадрыля», а таксама выкананы народныя песні, запісаныя ад жыхароў Мазырскага, Лельчыцкага, Калінкавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў.  Гэта было зроблена для таго, каб паказаць мясцовы каларыт, шырыню і дабрыню беларускай душы, народныя традыцыі.

Відавочна, што інтарэс да беларускай народнай творчасці сёння вялікі. І каб наталіць гэтую прагу гледача, творчы  калектыў пастаянна імкнецца да чагосьці новага, працуе над павышэннем свайго вакальнага і музычнага майстэрства, працягвае працаваць над багатым матэрыялам, сабраным ад жыхароў не толькі навакольных вёсак, а па ўсяму палескаму рэгіёну. Згодна з даследаваннямі, можна адзначыць, што ў розных населеных кропках адну і тую ж песню спяваюць па-свойму. Гэта якраз і ёсць адна з адметнасцяў, якую імкнуцца захаваць і паказаць слухачу артысты. Свае планы і мары ёсць таксама і ў музычна-інструментальнай групы, якая хоча ўвесці ў аркестр забытыя пералівы гармоніка, які суправаджаў беларуса на розных святах.

Гледзячы на ўсе намаганні творцаў, можна сказаць, што народная песня ніколі не знікне, не страціцца. Тым больш, што цікавасць да мінулага праяўляе моладзь. Беларуская народная песня  напаўняе сэрцы слухача шчырымі перажываннямі і пачуццямі. Менавіта таму кожнае выступленне «Стрэчання» са сваёй жывой музыкай, выкананай на народных інструментах, і з жывым вакалам будзе і далей несці свайму слухачу народную культуру і песню, пранізаную моцнай любоўю да роднага краю, да сінявокай Беларусі. І ёсць упэўненасць, што ў гэтым заўсёды будзе такая патрэба.

Нездарма ж наконт стану душы, шмат гадоў назад сказаў вядомы беларускі класік Максім Багдановіч:«Штодзённым клопатам поўна людское жыццё. Але калі зварухнецца душа чалавека, то толькі песня здолее спатоліць яе».

– Як кажуць сярод людзей – без песні няма надзей. Народ без песні – не ўмее, народ без песні нямее. Без песень свайго народа нямее нават прырода. Ты любіш народ свой і край? – Песні яго спявай!  – Вось такімі словамі да захавання фальклору, народнай творчасці прызываў наш зямляк Анатоль Грачанікаў.

Шануйце ж песні свае!

Наталля КАНОПЛІЧ

«Жыццё Палесся»

Облако тегов

Архив новостей

Октябрь 2018 (21)
Сентябрь 2018 (21)
Август 2018 (16)
Июль 2018 (15)
Июнь 2018 (24)
Май 2018 (16)
^