Главная » Новости » Непаўторны голас аграгарадка
Информация к новости
25-09-2018

Непаўторны голас аграгарадка

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Больш сарака гадоў калектывам кіруе апантаная сваёй справай Тамара Хаменя. Працяглы час давялося ёй працаваць і дырэктарам СДК, але цяпер яна зноў працуе толькі са сваім калектывам, сумяшчаючы абавязкі мастацкага кіраўніка і акампаніятара. Некалі ў вёсцы гарманістаў хапала, у калектыве працавалі Віктар Плікус і Валерый Сітніца. Цяпер Тамары Мікалаеўне даводзіцца самой быць адзіным музыкантам на ўсе суседнія вёскі. Некалі скончыла курсы баяністаў і з яе талентам гэтага хапіла, каб на слых у момант падабраць любую мелодыю і нават самой стварыць музыку на любы верш.

Некалі ў 1975 годзе калектыў пачынаўся з хору, а ў 1992 – упершыню стаў “народным”. У рэпертуары сёння больш 250 песень, дзясятак абрадаў. Некалькі гадоў таму іх абрад святкавання другога дня вяселля ўвайшоў у дакументальны фільм беларускага тэлебачання.

За больш як чатыры дзясяткі гадоў многія жыхары цяперашняга аграгарадка пакінулі свой след у творчасці калектыву. Цяпер ганаровым госцем канцэртаў з’яўляецца яго былая артыстка Антаніна Траяноўская. Была ля вытокаў стварэння і па сёння выходзіць на сцэну Вера Шэлег. Песні сваіх матуль і бабуль памятаюць і прынеслі ў рэпертуар Ева Баўсун, Ніна Машук, Людміла Шэлег, Лідзія Несцярэнка і Валянціна Барадзіна.

Самабытнасць калектыву ярка падкрэсліваюць касцюмы жанчын. Сарочкі і фартухі майстрыхі вышывалі самі, падбіраючы сабе ўзоры. І так атрымалася, што ўборы іх спрэс у яркіх кветках. Аднаўляючы і папаўняючы іх уласнымі рукамі, цяпер вырабляюць какошнікі, у якіх у хуткім часе плануюць выйсці з чарговай праграмай.

Жанчыны калектыву – сапраўдныя майстрыхі. Іх вышыўкамі, вязанымі рэчамі, дыванкамі можна напоўніць не адну выставу. У тым ліку славяцца гэтым жаночым рамяством і маладзейшыя ўдзельніцы калектыву Ірына Герасіменка, Яўгенія Хаменя, Ірына Баўсун і Людміла Хаменя.

Новую, жывую хвалю прыносяць у рэпертуар і маладыя выканаўцы, у тым ліку і сучаснымі песнямі, якія карыстаюцца немалым попытам. Гэта Наталля Шэлег, Вольга Зубар, Людміла Хаменя. Два гады таму, калі калектыў пацвярджаў званне, дапоўніў жаночы гурт і адзіны мужчына Андрэй Цімашышын.

Тамара Хаменя і Людміла Шэлег таксама спяваюць у мясцовай царкве. Настаяцель храма іконы Божай маці “Неспадзявая радасць” айцец Сергій праводзіць многа мерапрыемстваў, чым зацікавіў і школьнікаў. Адтуль Тамара Мікалаеўна прывяла ў свой калектыў яго самых маленькіх удзельнікаў. Цяпер у абрадавых пастаноўках і канцэртных праграмах удзельнічаюць восем дзяўчынак і два хлапчукі. Дзяўчатам жанчыны ўжо зладзілі народныя касцюмы, а хутка і хлапчукі апрануць расшытыя рукамі майстрых сарочкі.

Тамара Хаменя з задавальненнем адзначае, што штогод іх калектыў папаўняецца маленькімі артыстамі. Вось і цяпер з кастрычніка ў Доме культуры набіраецца новая група. Кіраўнік калектыву па вопыце многіх гадоў ведае, што менавіта дзеці дадаюць іх выступленням асаблівы інтарэс і пэўную колькасць гледачоў. Толькі сёлета юныя артысты ў тым ліку і з уласнай праграмай выязджалі з канцэртамі для ўдзельнікаў жніва, былі на сцэне на злёце перадавікоў.

“Спадчына” – універсальны калектыў. Спетыя галасы на “біс” выканаюць любую кампазіцыю нават без рэпетыцыі. Пры неабходнасці самадзейныя артысткі лёгка пераробяць любы тэкст і парадуюць гледачоў знаёмай мелодыяй з новымі словамі. Згуртавана вырашаюць і іншыя пытанні – плануюць аднавіць некаторыя элементы касцюмаў. А вось сабраць сродкі на новыя гармонік і бубен не атрымліваецца. Чакаюць спонсара. І абяцаюць, атрымаўшы новыя інструменты, напоўніць праграму новым гучаннем і непаўторнасцю.

Алена БРУЦКАЯ

«Петрыкаўскія навіны»

Облако тегов

Архив новостей

Ноябрь 2018 (10)
Октябрь 2018 (30)
Сентябрь 2018 (21)
Август 2018 (16)
Июль 2018 (15)
Июнь 2018 (24)
^