Главная » Новости » Ад карагода да кадрылі – з імправізацыяй
Информация к новости
5-07-2018

Ад карагода да кадрылі – з імправізацыяй

Категория: Новости, Культура Гомельщины

 

У параўнанні з мінулымі гадамі праграма “Харэаграфічнае мастацтва” сярод дзіцячых і моладзевых ансамбляў, якая стала традыцыйнай і неад’емнай часткай заключных фестывальных імпрэзаў, сёлета некалькі пашырылася. Яна ўяўляла сабой ваджэнне святочных  карагодаў, пераход да кадрылі, выкананне “Лявоніхі”, Полькі”, традыцыйнага танца  і дадаткова – творчыя спаборніцтвы ў гуртавой імправізацыі. Заданні гэтых конкурсаў напростыя: згадзіцеся, не кожны, няхай сабе вопытны і спрактыкаваны танцор, зможа з ходу дакладна перадаць пэўную фігуру той жа “Лявоніхі” згодна з рэгіянальнымі асаблівасцямі. Тут патрэбны тонкае пачуццё рытму, зладжанасць рухаў і, безумоўна, фантазія і імправізацыя, калі яны, вядома, маюць дачыненне да элементаў канкрэтнага абрадавага танца, а не якога іншага.

У вышэйназваным харэаграфічным конкурсе прынялі ўдзел 10 дзіцячых ансамбляў з розных рэгіёнаў Беларусі. Прычым,  ад гаспадароў выступалі адразу 3 калектывы – “Цярэшкавы шчодрыкі” Рассветаўскага КСЦ, “Некрашынка” Валосавіцкага СДНТ і сёлетнія юбіляры – “Рудабельскія зорачкі” Акцябрскага цэнтра вольнага часу. Усе ўдзельнікі прадставілі на суд журы і гледачоў гульнявыя карагоды, якія, дарэчы, не паўтаралі адзін аднаго. Заснаваныя на мясцовай фальклорнай аснове, яны яскрава адлюстроўвалі каларыт той мясцовасці, адкуль і самі канкурсанты. Напрыклад, дзяўчаткі з узорнага фальклорнага калектыву “Павалякі” (Яромінская дзіцячая школа мастацтваў Гомельскага раёна) пад напеў “Віўся, віўся, хмелюшка” прыгожа рухаліся “ручайком” альбо падобна на саму гэту расліну, што выглядала вельмі арыгінальна. Калі ў выступленні “Павалякаў” адчуваліся ноткі рускага матыву (Гомельскі раён размешчаны даволі блізка ад мяжы з Расіяй), то ўдзельнікі гурта “Мотолянэ” з Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці прадставілі больш жвавы купальскі карагод пад прыпеўкі з каларытным палескім, а дакладней, паўднёва-заходнім моўным дыялектам. Наогул, юныя аматары народнай творчасці з гэтага некалі славутага мястэчка Моталь вызначаліся і ў іншых намінацыях конкурсу карагодаў і абрадавых танцаў, што эмацыянальна ўспрынялі і эксперты, і гледачы.

Было што паказаць на гэтым самабытным турніры і акцябрычанам. Элементы тэатралізаванага дзейства прысутнічалі ва ўсіх выступленнях “Рудабельскіх зорачак”, дастойна праявілі сябе “Цярэшкавы шчодрыкі”, а гуртавая імправізацыя “Барыня” ўдзельнікаў ансамбля “Некрашынка” Дзмітрыя Новіка і Дзмітрыя Шаблінскага вызначалася сярод сапернікаў адметным запалам, зухаватасцю і “цягнула” на самую высокую адзнаку.

Юрый Каспяровіч.

Облако тегов

Архив новостей

Декабрь 2019 (13)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
^