Главная » Новости » У Калінкавіцкі краязнаўчы музей завіталі Жэўжык, Дамавік і Зюзя
Информация к новости
11-05-2018

У Калінкавіцкі краязнаўчы музей завіталі Жэўжык, Дамавік і Зюзя

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Пагадзіцеся, многім з нас з дзяцінства вядомыя некаторыя фальклорныя словы, аб паходжанні якіх мы ніколі і не задумваліся.

Напрыклад, «жэўжык». Так часта называюць дзяцей-гарэз. Дарослыя, бывае, кажуць: «Супакойцеся, жэўжыкі малыя!»

А аказваецца, Жэўжык — гэта зусім не гарэза, а сімвал беларускіх рэк.

IMG_0868

Захапляючыся міфамі іншых краін і народаў, мы не ведаем сваіх паданняў, легенд роднай зямлі. А яны не менш цікавыя. Гэта цэлы пласт народнай культуры.

З фальклорнымі персанажамі, у існаванне якіх шчыра верылі нашыя продкі, а некаторых нават і пабойваліся, можна пазнаёміцца, наведаўшы выставу.

Казачных персанажаў для экспазіцыі стварыў скульптар Антон Шыпіца па ілюстрацыях Валерыя Славука для кніг «Беларускі фальклор» і «Чароўны свет».

Шчыра кажучы, паглядзець там ёсць на што. У экспазіцыі – чатырнаццаць казачных персанажаў. Пры адным позірку на некаторыя з іх ажно мурашкі па скуры бягуць.

Напрыклад, Жэўжык — худы дзядок, невысокага росту, з барадой, доўгай шыяй, худымі рукамі і нагамі. Ён жыве на глыбіні ракі. Ноччу падымаецца на паверхню і плавае ў чоўне, трымаючы ў руках піку з дзвюма вострымі зубцамі, якой разганяе перад сабой хвалі.

DSCN0222

Жэўжыку падпарадкоўваюцца ўсе іншыя вадзяныя міфалагічныя істоты – Вадзянік і гаспадар беларускіх балот Лазавік, падобны на старога маленькага карліка, з адным вокам, доўгай барадой і пугай у руцэ. Жыве Лазавік ў маленькай хатцы без вокнаў. Любіць хадзіць па балоту, і ў гэты час яго адзінае вока гарыць агнём.

Еўнік падобны на вялікі бясформенны камяк з маленькімі кароткімі нагамі. Гэтая істота з’яўляецца сімвалам працавітасці, парадку, практычнасці, гаспадарлівасці. Жыве ў еўні — пабудове, якая раней была на кожным падворку, у ёй сушылі снапы.

Еўнік ніколі не паказваўся на вочы людзям, але часта ім дапамагаў — падтрымліваў агонь у печы, ствараў, калі трэба, скразняк, каб снапы добра сохлі. Сябраваў з Лазнікам.

Калі ж гаспадары чым-небудзь ўгнявілі Еўніка, той мог спаліць і снапы, і саму еўню.

DSCN0216

Слова «злыдзень» ведае кожны з нас. Так называюць шкодных людзей, ліхадзеяў.

Жывуць Злыдні ў хатах і на падворках. Падобныя яны на маленькіх гарбатых ці то сабак, ці то катоў. Калі гаспадары сыходзяць з хаты, Злыдні пачынаюць паскудзіць. Ім карціць зазірнуць ва ўсе гаршкі, падсыпаць у смачную кашу пяску, пабіць посуд, у самае тлустае малако наліць вады, сапсаваць цеста ў хлебнай дзяжы.

Злыдні могуць з’явіцца ў любой хаце, але часцей за ўсё там, дзе гаспадары вельмі прагнуць разбагацець.

Злыдні шкодныя і баязлівыя, таму з’яўляюцца толькі групамі. На выставе іх таксама двое.

Прадстаўлены ў экспазіцыі і Дамавік з Дамавухай — славянскія сімвалы парадку і добрабыта. Кажуць, што знешне яны часта падобныя на гаспадароў хаты. Дамавіка яшчэ называюць Хатнікам.

DSCN0213

Ёсць на выставе і Шатаны — сімвалы гультайства, чэрствасці і назойлівасці, а таксама Зюзя – бог зімы і холаду, які ходзіць у белай цёплай вопратцы, але босы.

Вельмі цікавы персанаж Жыцень — дух беларускіх палёў, земляробства, гаспадаркі — худы стары з ускудлачанымі валасамі. У яго тры вокі — два наперадзе, адно – на патыліцы. Ён ходзіць і глядзіць, каб ураджай паспеў і быў добра прыбраны на нівах.

Вось як цікава жылося і працавалася нашым продкам, якія мірна ўжываліся з духамі і рознымі міфічнымі істотамі.

Пазнаёміцца з усімі фальклорнымі персанажамі, прадстаўленымі на выставе можна будзе да 15 чэрвеня. Гэта ўжо паспелі зрабіць вучні некаторых школ горада.

Асаблівасцю выставы з’яўляецца квэст-гульня з магчымасцямі віртуяльнай рэальнасці, якая карыстаецца вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў. З дапамогай спецыяльных акуляраў удзельнікі пераносяцца на сялянскі падворак, а да міфічных персанажаў, якія снуюць то тут, то там, здаецца, можна дакрануцца рукой.

Таццяна КАПІТАН.

«Калінкавіцкія навіны»

Облако тегов

Архив новостей

Июль 2019 (13)
Июнь 2019 (30)
Май 2019 (29)
Апрель 2019 (35)
Март 2019 (35)
Февраль 2019 (30)
^