Главная » Новости » На Жлобіншчыне прайшлі майстар-класы педагогаў Гомельскай вобласці па дэкаратыўна-прыкладной і фальклорнай творчасці
Информация к новости
28-04-2018

На Жлобіншчыне прайшлі майстар-класы педагогаў Гомельскай вобласці па дэкаратыўна-прыкладной і фальклорнай творчасці

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Старэйшае пакаленне шанавала традыцыі сваіх продкаў: яны выконвалі розныя абрады, верылі ў прыкметы, паважалі ручную працу, укладвалі ва ўсё душу і сэрца...

Несумненна, кожнае пакаленне ўносіла ў развіццё культуры штосьці сваё, дзякуючы чаму і цяпер у ёй цесна пераплятаюцца спадчына далёкіх продкаў і сучасныя тэндэнцыі. Гэта і паказалі педагогі Гомельшчыны на майстар-класах па дэкаратыўна-прыкладной і фальклорнай творчасці «Абрадавая атрыбутыка і народная лялька ў святочнай культуры беларусаў», якія прайшлі на базе гарадскога цэнтра творчасці «Эўрыка» і Лукскай сярэдняй школы.

Распачала рэгіянальны майстар-клас педагогаў дадатковай адукацыі, пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў метадыст аддзела навукова-метадычнага і псіхолага-педагагічнага суправаджэння дадатковай адукацыі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Тамара Сідарэвіч. Яна адзначыла, што нездарма менавіта на Жлобінскай зямлі вырашана было правесці гэта ўнікальнае мерапрыемства, дзякуючы якому педагогі змогуць узяць у сваю творчую скарбонку ўсё ўбачанае тут. Бо на Жлобіншчыне працуюць высокакваліфікаваныя педагогі, якія прымнажаюць і развіваюць нашу культурную спадчыну. Асабліва гэта тычыцца гарадскога цэнтра творчасці «Эўрыка», дзе сабраўся творчы калектыў з вялікім патэнцыялам. Майстар-класы правялі і жлабінчане, і госці з іншых раёнаў Гомельскай вобласці, якія з году ў год пацвярджаюць свой прафесійны статус на рэспубліканскіх конкурсах.

Вельмі цікавым быў майстар-клас «Навучанне ігры на гармоні» ад кіраўніка аб’яднання па інтарэсах «Брачынскія валачобнікі» Акцябрскай раённай гімназіі Вольгі Дульскай. Яна расказала, што каля вытокаў калектыву, які быў створаны ў 1995 годзе, стаяла яна сама, бо педагогу вельмі хацелася, каб дзеці ведалі і шанавалі беларускія традыцыі.

Вольга Гаўрылаўна растлумачыла, у чым заключаецца ўнікальнасць яе калектыву: дзеці вучацца іграць на гармоні без акордаў, на слых. Яны чуюць мелодыю і паўтараюць яе. Не верыце? Мне таксама было незразумела, як такое можа быць. Педагог запрасіла сваіх гарманістаў, якія проста ўзарвалі маленькую актавую залу «Эўрыкі». Удзельнікі майстар-класа былі ўражаны, як дзеці-самавучкі выконваюць «Каханачку», «Базар», «Рудабельскае страданне», розныя беларускія прыпеўкі…Дарэчы, не толькі прысутныя ацанілі майстэрства выканаўцаў. Вольга Гаўрылаўна пахвалілася тым, што нават Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, убачыўшы і пачуўшы «Брачынскіх валачобнікаў» на фестывалі «Кліч Палесся» ў Ляскавічах, высока ацаніў рабят і працу педагога.

Дарэчы, Вольга Гаўрылаўна расказала, што дзейнічае калектыў дзякуючы носьбітам беларускай культуры – дзядулям і бабулям рабят з «Брачынскіх валачобнікаў». Менавіта яны паведалі, якія раней у беларусаў былі касцюмы, дапамагалі вырабляць і ўпрыгожваць іх нацыянальнай вышыўкай, пелі народныя песні, паказвалі танцы, абрады і вучылі дзяцей іграць на гармоні. Так, нават зараз у калектыве ёсць рабяты, якіх зацікавілі ігрой на інструменце старэйшыя родзічы. Затым больш вопытныя юныя музыкі запрасілі гасцей майстар-класа самім паспрабаваць паіграць на гармоніку…

Далей майстар-класы давалі педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Арыбал» Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка» Уладзімір Панамароў і кіраўнік студыі рукадзелля «Чароўны куфэрак» Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Марына Кавальчук.

Уладзімір Іванавіч расказаў пра вытокі глінянай беларускай цацкі, якая мае вельмі старажытную гісторыю. Раней людзі не выкарыстоўвалі вырабы з керамікі ў якасці цацак, а надавалі ім значэнне абярэгаў, амулетаў. Напрыклад , конік, якога прапанаваў зляпіць Уладзімір Іванавіч , з’яўляўся слугой сонца, які прыносіў цяпло , праганяў злых духаў і набліжаў вясну. Педагог патлумачыў, што зараз для вырабу гліня-ных цацак выкарыстоўваюць тэхналагічны спосаб: калі часткі вылепліваюцца асобна, а пасля аб’ядноўваюцца ў адно цэлае. Але нашы продкі прымянялі пластычны спосаб: калі з аднаго кавалка гліны шляхам выцягвання фарміраваўся сілуэт жывёлы. Удзельнікі майстар-класа з вялікім задавальненнем узяліся за работу, і ў кожнага з іх атрымаліся вельмі прыгожыя гліняныя конікі. Некаторыя нават узялі іх сабе на памяць.

Марына Кавальчук правяла майстар-клас «Лялька Крупенічка. Тэхналогія і асаблівасці вырабу». Яна расказала, што гэта надзейны абярэг для кожнага дома. Нашы продкі былі ўпэўненыя, што кожная гаспадыня павінна зрабіць яго сваімі рукамі. Раней жанчыны спецыяльна падрыхтоўвалі матэрыял, у якім будуць захоўвацца крупы для лялькі. Спачатку тканіну кіпяцілі ў вадзе з соллю, а потым старанна сушылі. Гэта патрэбна было для таго, каб засцерагчы крупы ад з’яўлення ў іх розных жучкоў. Людзі таксама верылі, што менавіта гэты мяшочак абараняе ад праклёнаў і цёмных сіл. Берагіня Крупенічка была галоўным паказчыкам таго, што сям’я працавітая і заможная. Бо для лялечкі адбіралася самае добрае зерне з атрыманага ўраджаю. Чым больш было збожжа ў ляльцы, тым больш заможнай лічылася сям’я. Кожную вясну лялечак разбіралі, іх уборы прыводзілі ў парадак і бераглі да восені. А пасля збору ўраджаю іх зноў апраналі і ставілі на віднае месца. Таму ўдзельнікі майстар-класа вельмі старанна аднесліся да стварэння лялькі, якую абавязкова паставяць у сваіх кватэрах, каб яна прыносіла дастатак.

Затым гасцей сустракала Лукская сярэдняя школа. Педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Натхненне» Таццяна Козка прэзентавала стварэнне лялькі і яе адзення ў традыцыях калінкавіцкага строю. Вучні ўстановы адукацыі правялі экскурсію па музейным пакоі «Наша скарбніца», у вершаваных радках расказалі пра побыт продкаў і пра экспанаты музея. У школе вельмі ганарацца нацыянальнымі касцюмамі калінкавіцкага строю, які быў распаўсюджаны ў вёсцы. Іх зрабілі самі вучні.

Затым Таццяна Міхайлаўна запрасіла прысутных вырабіць ляльку «Падарожніца», якую бралі з сабой у дарогу як абярэг. Я таксама ўключылася ў гэты майстар-клас, і мне вельмі спадабалася, бо так я дакранулася да нашай гісторыі і адчула вялікае задавальненне. Хочацца падзякаваць педагогам, якія выхоўваюць нашых дзяцей, бо хто, як не яны, далучаюць моладзь да спрадвечнага?

Таццяна СКОБЕЛЕВА

«Новы Дзень»

Облако тегов

Архив новостей

Октябрь 2018 (21)
Сентябрь 2018 (21)
Август 2018 (16)
Июль 2018 (15)
Июнь 2018 (24)
Май 2018 (16)
^