Главная » Новости » І Вядзьмак свой у дошку. Карэспандэнт раённай газеты наведаў выставу ў краязнаўчым музеі
Информация к новости
6-04-2018

І Вядзьмак свой у дошку. Карэспандэнт раённай газеты наведаў выставу ў краязнаўчым музеі

Категория: Новости, Культура Гомельщины

Гэта зараз я разумею, што засцярога ад роднай бабулі не лезці ў калодзеж, бо там часам з’яўляецца вадзянік, была часткай настаўлення да бяспечных паводзінаў. Вось толькі калодзеж пасля такіх гісторый вабіў яшчэ больш – хацелася дзіцяці пабачыць казачную істоту!

У той час у мяне не было падстаў сумнявацца ў рацыі людзей, што адчынялі мне дзверы ў таямнічы свет. Тады мне і не прыходзіла ў галаву, што гэта адзін са шляхоў, праз які становяцца беларусамі, палешукамі, спазнаючы родную культуру і традыцыі. Думаў, што так будзе заўсёды: старыя будуць расказваць дзятве міфы і паданні, тыя потым, дадаўшы штосьці ад сябе, будуць апавядаць гэтыя гісторыі сваім нашчадкам. Лічыў нават, што з развіццём інтэрнэту ўсё стане прасцей і даступней, маўляў, вось вам, даражэнькія, сапраўдная скарбніца нашай культуры – вывучайце, узбагачайце духоўную культуру народа.

IMG_7607Але на справе назіраецца страта сувязі пакаленняў: хто будзе слухаць бабулю, калі ў кішэні ёсць тэлефон? Але вось дзіва: увагу дзятвы ў гаджэце прыцягваюць такія ж міфічныя істоты, толькі штучна створаныя за мяжой. Пакемоны і друіды ўжо лепш вядомыя шкалярам, чым кікімары ці багнікі. Пра сітуацыю і перспектывы яе змянення мы пагутарылі з каардынатарам праекта, прысвечанага беларускай міфалогіі, Паўлам Арловым, што завітаў днямі ў Петрыкаўскі музей, каб прэзентаваць выставу “Героі беларускіх казак, міфаў і легенд”.

Трапілым на інсталяцыю выхаванцам Цэнтра турызму і краязнаўства было на што паглядзець. Дзеці пазнаёміліся з графічнымі выявамі істот беларускага звышнатуральнага свету, якія па-майстэрску выканаў вядомы беларускі мастак Валерый Славук. Дарэчы, малюнкі нячысцікаў маглі бачыць і вы: вобразамі істот былі аздобленыя такія выданні, як “Беларускі фальклор”, “Чароўны свет” і іншыя.

На аснове малюнкаў сваю працу распачаў яшчэ адзін выдатны беларускі майстар – Антон Шыпіца, што стварыў скульптуры, пераважна ў натуральную велічыню. Зразумела, такая візуалізацыя не пакінула абыякавымі гледачоў: спачатку дзятва захаплялася знешнім выглядам саміх постацей, потым публіка пільна разглядала дэталі. Калі ўражанні ад убачанага сціхалі, шкаляры краналіся скульптур у імкненні зразумець, з чаго яны зробленыя, а сканчвалася знаёмства з кожнай фігурай традыцыйнай фотасесіяй.

У гэты час Павел Арлоў  распавядаў пра герояў выставы. Дзеці пыталіся пра тое, чым шкодная можа быць тая ці іншая істота, а я ўздыхаў, пазіраючы на выяву Дзядка з чырвонымі вачыма, бо згодна з даўнімі міфалагічнымі ўяўленнямі беларусаў, бедны, што сустрэне гэтага персанажа, адразу засне, а прачнецца з грашыма ў кішэні, а няшчасны прачнецца шчаслівым. Уласна мне б не пашкодзіла і тое, і другое.

IMG_7587

Але самае цікавае дзетак толькі чакала. Павел Арлоў, праграміст па спецыяльнасці, распрацаваў камп’ютарную гульню, лепш адчуць якую дапамагаюць акуляры віртуальнай рэальнасці. Як вы ўжо зразумелі, у гульні трэба дапамагаць добрым нячысцікам і пазбягаць шкодных істот.

Экскурсія скончылася, і мы з Паўлам распачалі размову.

Сябе Павел Арлоў з усмешкай называе масавіком-забаўнікам. Некалькі гадоў таму, набыўшы кнігу з ілюстрацыямі Валерыя Славука, хлопец літаральна захапіўся беларускай міфалогіяй. Потым пазнаёміўся з самім мастаком, гэта вылілася ў праект. Было створана некалькі скульптур, потым зрабілі анімацыю і вырашылі стварыць віртуальную гульню, каб героі лепш запаміналіся. Так стала зразумела, што для скульптур патрэбна пастаяннае месца экспазіцыі.

IMG_7625_1

– Мая жонка родам з Нясвіжчыны, і вось у час чарговага візіту туды, па дарозе паміж Нясвіжам і Мірам мы знайшлі занядбалую шляхецкую сядзібу ў вёсцы Вялікая Ліпа. Вырашылі аднавіць будынкі і лічым, што нашы персанажы будуць там выглядаць вельмі арганічна: нацыянальныя фантастычныя істоты ў гістарычнай шляхецкай сядзібе.

Існуюць усім добра вядомыя пакемоны, бонсцікі, дыснэеўскія персанажы, што паходзяць з Японіі, Амерыкі, Англіі ці Францыі. Мы набываем гэты прадукт і аддаём свае грошы за мяжу, а пры гэтым маем сваіх персанажаў.

IMG_7528_2

Даход ад пакемонаў склаў каля 7 мільярдаў долараў, чаму б нам не зарабляць на сваіх традыцыях? Грэкі ўжо больш за 100 гадоў прадаюць свету сваіх міфічных персанажаў, мільёны людзей гуляюць у польскага “Ведзьмака”. І ў нас ёсць усё для гэтага: і матэрыял, і спецыялісты. Самае галоўнае – умець падаць гэта.

Вось глядзіце: усе ведаюць галандцаў, хоць Галандыя ў 5 разоў меншая за Беларусь. Але калі ўзгадваеш гэтую краіну, у людзей абавязкова ўзнікае асацыяцыя з футболам, прыродай, млынамі і сырамі. А вось беларусаў ведаюць далёка не ўсе, а чаму? Мы прыйшлі да высновы, што трэба правільна прапагандаваць сваю культуру. А Беларусь, між іншым, адыгрывала істотную ролю ў сусветный гісторыі, дастаткова згадаць эпоху ВКЛ ці часы Вялікай Айчыннай вайны.

– Вы вернік?

– Так, я хрысціянін. Не трэба думаць, што калі мы вывучаем і ствараем праект з нячысцікамі, то абавязкова верым у іх існаванне. Мы звычайна захапляемся імі як элементам нашай старажытнай культуры. Мелі месца і забабоны. Першапачаткова былі праблемы са злыднем, аднойчы мы прывезлі яго на выставу і ён трапіў на адзіны нетрывалы стол, што выпадкова перасоўвалі. Скульптура разбілася. З ёй заўсёды ўзнікалі якія-небудзь праблемы, але мы ведалі, што гэта супадзенне, і калі перасталі засяроджваць увагу на цяжкасцях, яны самі сабой зніклі.

Так незаўважна прайшо паўтары гадзіны, музей зачыняўся, а Паўла чакала яшчэ  дарога да Мінска. Застаецца толькі пажадаць поспехаў гэтым творчым людзям, што не толькі захапляюцца роднай культурай, але і робяць з гэтага брэнд, прапагандуючы сярод беларусаў. Спадзяюся, што праз некалькі гадоў Вялікая Ліпа будзе абавязковым пунктам прыпынку для турыстаў, а беларускія нячысцікі ўжо не пакінуць гледачоў абыякавымі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара

«Петрыкаўскія навіны»

Облако тегов

Архив новостей

Июль 2018 (8)
Июнь 2018 (24)
Май 2018 (16)
Апрель 2018 (27)
Март 2018 (31)
Февраль 2018 (17)
^