Главная » Культура Гомельщины » Лялькі-абярэгі на шчасце і на ўдачу
Информация к новости
24-01-2018

Лялькі-абярэгі на шчасце і на ўдачу

Категория: Культура Гомельщины

Ужо некалькі год дзеці шыюць лялькі пад кіраўніцтвам Алены Бабровай. Аднак, не ўсе з лялек ствараюцца для гульні і забаў. Унікальнасць цяперашняй, ужо пятай выставы, у сакральнасці яе экспанатаў! Большая частка лялек — гэта абярэгі, кожны з якіх мае сваё прызначэнне. Не дзіўна, што для выставы быў абраны акурат зімовы час, пара святаў і магіі.

Загадчыца музея, Гаўрыленка Наталля, паказвае дзецям маленькую ляльку-абярэг на шчасце, адметнасць якой у доўгай касе

Магія дзеянняў і думак

Пра народныя лялькі-абярэгі не толькі расказалі, але і паказалі як іх вырабляць. Кіраўніца гурткоў «Лялечны дом» і «Сувенір», Алена Баброва, правяла майстар-клас па вырабе лялькі-Каляды. Дапамагалі сваёй настаўніцы Волкава Лізавета, Нядбайло Дар’я і Наталля, дзяўчаты-чацверакласніцы, якія наведваюць гурток. Каляду зрабілі вельмі яркай і прыгожай, з венікам у адной руцэ, каб адганяла злых духаў, і з мяшэчкамі солі ды зерня ў другой руцэ — сімваламі ўрадлівасці і прыбытку ў доме.

Музейны майстар-клас па вырабу лялькі-Каляды. Злева направа: Волкава Лізавета, Алена Баброва, Нядбайло Дар’я і Наталля

Для вырабу лялькі-абярэга выкарыстоўваюць толькі натуральную тканіну, і яе рвуць, а не рэжуць. Па павер’ям, адрэзаючы тканіну, жанчына адразае энэргію, якая павінна накоплівацца ў абярэгу. «Рванку» скручваюць ніткамі на каленях, без выкарыстання іголкі і іншых вострых прадметаў. Але нельга ствараць магічныя лялькі, якія будуць дапамагаць у вырашэнні складаных жыццёвых сітуацый, у пятніцу і нядзелю. Да таго ж, трэба сачыць за фазамі месяца і ведаць некаторыя сакрэты. Як бачым, філасофія нараджэння самаробных абярэгаў вельмі няпростая.

Лялька-Каляда

— Мой выкладчык у светлагорскім тэхнікуме, дзе я навучалася на мадэльера-канструктара, вучыў, што лялькі-абярэгі можна рабіць толькі з пазітыўнымі думкамі, у добрым настроі. Бо тое, аб чым думаеш, на энергетычным узроўні закладаецца ў абярэг. Сусвет жа ўсё чуе! Дзеці, якія прыходзяць займацца ў гурток, не разумеюць гэтага, часта бяруцца за працу без настрою, раздражнёнымі. Тады даводзіцца супакойваць іх гутаркай — распавяла Алена Баброва, настаўніца працоўнага навучання і кіраўніца гурткоў Чыркавіцкай САШ.

Тэкстыльныя лялькі ў стылі Снежкі ў руках майстрыхі Алены Бабровай

На музейнай выставе можна ўбачыць больш за дзясятак унікальных лялек-абярэгаў, кожная з якіх адметная сваёй формай і сваёй вопраткай. Гэтак, маленькая лялька на шчасце мае доўгую касу, у кубышкі-траўніцы — вялікія грудзі, ляльку-неразлучніцу для закаханых робяць з адной рукой на дваіх.

Лялька-неразлучніца для закаханых

— У лялькі-абярэга не павінна быць твара, каб не ўзнікала асацыяцый з пэўным чалавекам і не было магчымасці нашкодзіць яму. Да таго ж, па павер’і, праз вочы лялькі ёю можа авалодаць злы дух, — расказала Алена Баброва.

Штогод кіраўніца гуртка загадзя робіць нарыхтоўкі патрэбных матэрыялаў. Збірае ў лесе галінкі, на гародзе — лісце кіяхоў, у полі — травы. Сапраўднай знаходкай можна лічыць старую даматканую тканіну ды карункі, якія прыносяць дзеці. Таксама сваё другое жыццё знаходзяць непатрэбныя рушнікі, вопратка, мешкавіна, хусткі. Аднак, для гуртка ўсё ж даводзіцца набываць каляровыя стужкі, клей, часопісы для майстрых ды іншую драбязу.

У цэнтры Хатнічак Кузя. Яго ногі зроблены з драўлянай рагаткі, знойдзенай у лесе, а валасы — з лісця кіяхоў. Злева ад хатнічка лялька-абярэг для дзіцяці з доўгімі льнянымі валасамі. Справа — гармонік, падораны Чыркавіцкаму музею Янай Палуян

Спалучэнне традыцыйнага і сучаснага

Сярод прадстаўленых на выставе лялек, адметныя ў традыцыйнай вопратцы. Гуртоўцы, з удзелам свайго кіраўніка Алены Віктараўны, апранулі самаробныя лялькі ў Чыркавіцкі традыцыйны строй. Неверагодна! Фартушок — паменшаная копія таго, што захоўваецца ў музеі. Каб параўнаць узор вышыўкі ды фасон, адметны маленькай кішэнькай, спадарыня Алена паднесла ляльку да сапраўднага фартуха, які выраблены не раней за 60-я гады мінулага стагоддзя. Сапраўды, ёсць падабенства. Няхай раслінны ўзор і не цалкам змясціўся на зробленай копіі, але ж тэхніка вышыўкі тая ж, якой карысталіся нашыя бабулі.

Алена Баброва з лялькай у руках, апранутай у стылізаваны Чыркавіцкі традыцыйны строй

Над лялечнай кашулькай, праўда, ужо не сляпілі вочы, вышываючы маленечкія ружачкі, а набылі і прышылі адпаведную стужку. У выніку атрымалася арыгінальная стылізацыя традыцыйнага строя.

Наведаць выставу «Беларуская лялька ў люстэрку сучаснасці» ў Чыркавіцкім музеі можна да 28 лютага. Крамя лялек-абярэгаў тут можна падзівіцца на тэкстыльныя лялькі-цільды і лялькі-снежкі, паглядзець на вышытыя крыжыкам карціны з традыцыйным арнаментам.

Лялька-Масленіца

Гармонік, падораны музею чацверакласніцай Янай Палуян

Облако тегов

Архив новостей

Декабрь 2018 (18)
Ноябрь 2018 (18)
Октябрь 2018 (30)
Сентябрь 2018 (21)
Август 2018 (16)
Июль 2018 (15)
^