Главная » Культура Гомельщины » Пісьменніку Васілю Ткачову – 70! Пахвалі пражыты дзень
Информация к новости
5-01-2018

Пісьменніку Васілю Ткачову – 70! Пахвалі пражыты дзень

Категория: Культура Гомельщины

 


? Кім сябе адчуваеце ў першую чаргу: празаікам, драматургам, публіцыстам, журналістам, дзіцячым пісьменнікам, гумарыстам?
– У першую чаргу пісьменнікам. Даражу гэтым званнем. Сумна, прыкра, калі самадзейныя аўтары (ці пачаткоўцы) – графаманы на кожным кроку крыкліва заяўляюць, што яны пісьменнікі. Трэба быць больш сціплымі. А то «сядзіць» на тэлеэкране 20-гадовая дзяўчына, а пад яе выявай – цітры: мадэль, спявачка, пісьменніца… Ці не замнога для адной? Ці не рана? Можна, вядома, не раздражняцца, але яны дэвальвуюць асобу пісьменніка. Аднак нельга не ўлічваць і тое, што ад перабольшвання значэння ўласнай персоны ўсяго адзін крок да недаацэнкі сапраўдных творцаў. Сам я да пісьменніцкага білета ішоў доўга. Былі кнігі, пастаноўкі ў тэатрах. Памыляўся, сумняваўся, спадзяваўся. Нават блізкія часам не разумелі неадольнай цягі да творчасці. Сёння я шчаслівы. Раблю тое, ад чаго добра на сэрцы і ў мяне, і ў маіх чытачоў. Толькі перад чытачом лічу сябе адказным.

? Часта сустракаецеся са сваімі чытачамі?
– Так. Некалі я аб’ехаў усю Гомельшчыну, пабываў у многіх школах. У той год у мяне было больш за 300 сустрэч. Па першай просьбе, а то і сам напрошваюся, спяшаюся на Рагачоўшчыну, на сваю малую радзіму. У мяне, дарэчы, ёсць монаспектакль «Клямка». Паставіць яго дапамог у свой час прафесійны тэатральны рэжысёр Багдан Арлоўскі, які ў розных тэатрах ажыццявіў шэсць спектакляў па маіх п’есах. Дык вось, пра «Клямку»… Я ўзяў клямку са сваёй хаты. Уяўляеце? За яе некалі бралася мама, і калі я трымаюся за клямку, то мне здаецца, што патрымаўся за яе руку і адчуў цеплыню мамінай далоні… Я апавядаю ў гэтым монаспектаклі пра тых людзей, што некалі бывалі ў маёй бацькоўскай хаце. Планую з «Клямкай» пабываць у Рагачове, Быхаве… Там, дзе мае карані.

? Не крыўдна, што драматурга Ткачова адкрылі не там, дзе ён жыве, не ў Гомелі, а ў Магілёве?
– Было трошкі. Супакоіў сябе тым, што ў славян гэта амаль што нацыянальная рыса: сваё недаацэньваць, а перад чужым схіляць калені. Парадокс, вядома, але калі я сваю першую п’есу прынёс у Гомельскі драматычны тэатр, там здзіўлена паціснулі плячыма: хіба ў Гомелі можа хто напісаць п’есу? У Мінску ж казалі: у нас сваіх, братка Васіль, хапае драматургаў. М.Варфаламееў раіў мне наогул перабірацца ў Маскву, казаў прыкладна так: з Гомеля не праб’ешся на сцэну, усе тэатры коса глядзяць на перыферыйных аўтараў. Нават чытаць твае п’есы не стануць. Перажыў, нічога. Але ніколі не схіляўся ні перад кім. І не буду гэтага рабіць. Сёння мае п’есы ставяць тэатры не толькі Беларусі, але і Расіі, Казахстана, Украіны, Таджыкістана. У фондах беларускага радыё ёсць два спектаклі, якімі я асабліва даражу: «Стары і дарога» і «Ігнатаў рубеж». Апош-ні – пра чарнобыльскую бяду, і галоўную ролю ў ім выконвае народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў. На рэспубліканскім тэлебачанні запісаны спектакль «Следчы эксперымент» з удзелам народных артыстаў Марыі Захарэвіч, Генадзя Гарбука, Паўла Дубашынскага…
Ды і хіба ж не прыемна, што сваё 70-годдзе сустракаю новымі прэм’ерамі? Так, навагоднюю казку «Храбры кравец» (напісаў яе разам з драматургам з Волагды Уладзімірам Ілюховым, мы сябруем) ставяць адначасова ў нашым Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек і ва Усходне-Казахстанскім рускім драмтэатры, што ў горадзе Усць-Каменагорску. А Магілёўскі драмытычны тэатр рыхтуе спектакль па камедыі «Без Ягора будзе гора» (рэжысёр з Масквы Аляксандр Дольнікаў). Даў дазвол на пастаноўку гэтага твора і ў Рыбінскім драматычным тэатры. Толькі што адбыліся прэм’еры па маіх п’есах-казках у Магілёўскім абласным тэат-ры лялек і ў Магілёўскім тэатры драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску.
Скажу шчыра: асабліва радуюся, калі спектаклі па маіх п’есах ставяць самадзейныя тэатральныя калектывы. «Народнікі», як называю іх, у год бяруць для пастаноўкі ўсяго адзін твор, доўга яго выбіраюць. Каб не памыліцца. Каб патрапіць у яблычак. І калі выбіраюць цябе, гэта, пагадзіцеся, ацэнка. Згодны? Асабліва запатрабаваны мае драматургічныя творы ў народных тэатрах Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Не кажу ўжо пра Расію і Украіну.

? Хто для вас герой нашага часу?
– Тут я, як кажуць, Амерыкі не адкрыю. Радавы працаўнік, той, хто жыве ў суседнім пад’ездзе, нават на адной лесвічнай пля-цоўцы: чалавек даверлівы, да-сціпны, з лёгкім гумарам. Які не абцяжараны папулісцкай балбатнёй, але ніяк не ўцяміць, чаму так бывае ў жыцці: пакуль адны дакопваюцца да каранёў ісціны, іншыя ўжо і плады здымаюць. Мне цікава аналізаваць характары, паводзіны сваіх аднавяскоўцаў, суайчыннікаў, аднагодкаў, па-ранейшаму цягне да псіхалагізмаў: не што, а як і чаму. У гэтым плане характэрны раман «Дом камуны» (пра адзіны ў Гомелі дом, які перажыў вай-
ну. — Заўв. аўт.).

? Над чым працуеце ў свае 70?
– Творчых планаў шмат – толькі б часу і сіл хапіла. Хочацца стварыць такую п’есу, напісаць такі твор прозы, каб яны сталі нейкім сімвалам часу. А калі азірнуцца, то і зроблена нямала: выдаў 25 кніг, напісаў дзесьці 70 п’ес для дарослых і дзяцей. І амаль што-дня працую над «Жыццёвінкамі». Іх ахвотна друкуюць газета «Звязда» і часопіс «Полымя». Мару некалі выдаць гэтыя карацелькі асобнай кніжкай.

 ? Ваш паўсядзённы дэвіз?
– Пахвалі пражыты дзень. Так я некалі назваў сваю кнігу публіцыстыкі. Так і жыву…

Гутарку вёў Мікола ГУЛЕВІЧ.

P.S. Рэдакцыя газеты «Свабоднае слова» ад імя сваіх чытачоў горача і сардэчна віншуе нашага знакамітага земляка – ганаровага гра-мадзяніна Рагачоўскага раёна са слаўным юбілеем. Жадаем моцнага здароўя, новых творчых здзяйсненняў, сямейнага шчасця!

 

«Свабоднае слова»

Облако тегов

Архив новостей

Ноябрь 2019 (3)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
Июнь 2019 (30)
^