Главная » Новости » Жыве ў аграгарадку песня
Информация к новости
10-08-2017

Жыве ў аграгарадку песня

Категория: Новости

Не кожны аграгарадок раёна мае свой парк і тым больш амфітэатр, невялікі, але не пустуючы. Тут і сабраліся пад ценем нестарых яшчэ ліп жыхары Чалюшчавіч на, як адчувалася, вельмі сямейнае свята – Дзень вёскі.

1 138

Сустракалі гасцей свята ўмельцы вёскі – Вольга Якубовіч з выставай плеценага адзення і калектыў “Зарачаначка” – гаспадыні накрылі сталы, дзе прысмакі былі на любы густ: мясныя стравы з кіслымі гуркамі ды мноства пірагоў, выпечаных Нінай Цітовай.

Чакалі ад народнага-фальклорнага калектыву “Зарачаначка” і яркага выступлення. Самадзейныя артысты не падвялі. Народныя і эстрадныя песні перамяжаліся з момантамі ўшанаванняў. З віншаваннямі і словамі падзякі за працавітасць да жыхароў аграгарадка звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Хулуп. Вядучая праграмы, яна ж дэпутат раённага Савета дэпутатаў, фельчар мясцовага ФАПа Людміла Тарасава з гонарам называла імёны жыхароў паважанага ўзросту. Сто гадоў адзначыла Ульяна Фёдараўна Кароткая, 95 – Клаўдзія Іванаўна Жукоўская, 90 – Марыя Дзянісаўна Красоўская. Надзея вёскі – шматдзетныя сем’і, і іх тут нямала. Гучалі імёны матуль-захавальніц сямейнага ачага: Галіны Гаркуша – сямёра дзетак, Марыі Радзьковай і Ганны Малінец, якія нарадзілі і выхоўваюць па пяцёра дзяцей. Падарунак атрымала і самая маленькая жыхарка аграгарадка Машанька Усціновіч.

1 125

Знамянальнай падзеяй свята стаў удзел у ім гасцей – вакальна-харэаграфічнай групы “Плай”. Гэта калектыў грамадскага  аб’яднання “Абшчына малдаван” у Беларусі. Асабліва прыемным было тое, што свой верш прысвяціў “Зарачаначцы” ўдзельнік калектыву Васіль Семянюк. Падарункам ад гасцей стала песня, якую ён напісаў у сумесным аўтарстве з Сяргеем Ціханавым спецыяльна для нашых “Зарачаначак”. А тыя паспелі яе развучыць і выканаць для аднавяскоўцаў.

Побач з малдаўскімі песнямі і танцамі, якія разам з гасцямі выконвалі ўдзельнікі “Зарачаначкі” Ніна Цітова і Тамара Козінец, са сцэны гучалі вершы пра Беларусь у выкананні аўтараў – артыстаў “Плая” Георгія Пушкаша і Васіля Семенюка. Прынамсці, многа іх было на беларускай мове. А потым малдаване запрашалі гледачоў на “хору” – нацыянальны агульны карагод.

Сустрэчы нараджаюць сяброўства

Падставай для прыезду вакальна-харэаграфічнай групы “Плай” у Чалюшчавічы стала моцнае сяброўства, што нарадзілася ў мінулым годзе пасля рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, дзе Гомельскую вобласць прадстаўлялі ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Зарачаначка” Тамара Козінец і Ніна Цітова. Ураджэнкі Малдовы, сёстры ўжо доўгі час жывуць у Чалюшчавічах. Тамара Уладзіміраўна працуе мастацкім кіраўніком мясцовага Дома культуры, Ніна Уладзіміраўна працуе тут таксама. У мінулым годзе яны ўпершыню сталі ўдзельніцамі фестывалю нацыянальных культур. І адразу – поспех.

1 195

– Мы прапагандуем дзве культуры – малдаўскую і беларускую, – расказвае пра дзейнасць дыяспары  яе кіраўнік Антаніна Валько, якая ўласна прыехала ў Чалюшчавічы, каб аддзячыць “Зарачаначцы”, нашым зямлячкам Тамары і Ніне за іх творчасць, любоў да сваёй Радзімы, неверагодны талент. За тое, што сваёй творчасцю яны падтрымліваюць дыяспару, мацуюць сяброўства і міжнацыянальную культуру. – Бяру на сябе смеласць сказаць, што Чалюшчавічам пашанцавала: у іх ёсць выдатны самабытны калектыў – цэнтр культуры, народнасці, творчасці і аптымізму.

– У “Зарачаначкі” ёсць перспектыва, – далучыўся да гутаркі арганізатар штогадовага фестывалю малдаўска-беларускай культуры “Вянок сяброўства” Васіль Семянюк. – Гэтыя жанчыны вартыя вялікай аўдыторыі, іх трэба падтрымаць. Вельмі жывы і перспектыўны калектыў. Далучыўшыся да нашай дыяспары, Ніна Цітова і Тамара Козінец аздобілі “Плай” сваёй творчасцю, адметным вакалам, запалам і прыхільнасцю да творчасці. Разам з “Зарачаначкай” мы ўжо былі на адной сцэне не аднойчы. У планах яшчэ многа праектаў і сустрэч.

Будзе свята, будзе згода

Днямі калектыў “Зарачаначка” вярнуўся з Мінска, дзе стаў ўдзельнікам сустрэчы прадстаўнікоў малдаўскай дыяспары Беларусі з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

– Сустрэча адбылася ў Доме нацыянальных культур, – расказвае кіраўнік народнага фальклорнага калектыву Тамара Піліпенка. – Прэзідэнт Малдовы прыехаў з членамі ўрада. Расказаў пра тое, што ўжо зроблена ў яго краіне за перыяд пасля выбараў, а на што накіраваны далей. Прадстаўнікі малдаўскай дыяспары з усёй Беларусі прыехалі на гэту сустрэчу, задавалі пытанні, агучвалі праблемы. Потым быў канцэрт, праграма якога складалася з нумароў вакальна-харэаграфічнай групы “Плай” і выступлення нашай “Зарачаначкі”.

1 170

Гэта ўжо чацвёртая сустрэча нашых самадзейных артыстаў з малдаўскай дыяспарай, калі не лічыць візіту “Плая” ў Чалюшчавічы. Знаёмства завязалася на аглядзе-конкурсе нацыянальных культур Беларусі. Працягнулася ў кастрычніку мінулага года на фестывалі малдаўскай мовы. Калектыў тады выступаў у Мінску ў Верхнім горадзе, потым была сустрэча ў Дзяржынскім раёне на фестывалі “Вянок сяброўства”, працягнулася ў пасольстве Малдовы. Вясной нашы артысты сталі ўдзельнікамі нацыянальнага малдаўска-румынскага свята “Мэрцішор”.

Наперадзе яшчэ мноства планаў. Ужо атрымана запрашэнне на свята малдаўскага віна ў жніўні ў Мінску і на фестываль беларускай культуры ў Малдову. А пакуль калектыў рыхтуецца да чарговага агляду-конкурсу нацыянальных культур у Рагачове, дзе малдаўскую дыяспару будуць зноў прадстаўляць Ніна Цітова і Тамара Козінец.

– Не так часта атрымлівалася нам з сястрою наведацца на сваю Радзіму, – гаворыць Тамара Козінец. – Вельмі радая, што жыццё павярнулася так: наша Радзіма стала бліжэй, калі мы сталі часткай малдаўскай дыяспары, змаглі несці ўжо роднаму беларускаму народу сваю культуру.

 

Матэрыялы падрыхтавала Алена БРУЦКАЯ, фота аўтара.

«Петрыкаўскія навіны»

Облако тегов

Архив новостей

Октябрь 2019 (14)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
Июнь 2019 (30)
Май 2019 (29)
^