Главная » Новости » Святы агонь Навінкаўскай свячы
Информация к новости
7-07-2017

Святы агонь Навінкаўскай свячы

Категория: Новости

 

13

Лічыцца, што цэлы год хата гаспадароў будзе асвечана святым агнём, туды не прыйдуць ніякая хвароба і гора, а будзе панаваць радасць, на полі будзе добры ўраджай, а ў хляве — багаты прыплод.12

Традыцыя дзяліцца святым агнём з суседзямі існуе ў гэтым найбольш аддаленным ад райцэнтра населеным пункце са старажытных часоў, і дзякуючы шчырай веры і намаганням жыхароў Навінак, захавалася па сённяшні дзень.

Раз у год менавіта ў дзень Святога Духу комплекс рытуальных прадметаў, што складаецца з іконы Святой Троіцы, самой свячы і драўлянага крыжа, усёй вёскай пераносяць да новых гаспадароў. Пакуль свяча абыйдзе ўсю вёску, пройдуць дзесяцігоддзі.10

Па расказам старэйшых жыхароў Навінак, раней свячу аздаблялі палявымі кветкамі і каласкамі. Сёння ж гэтыя краскі замянілі штучныя кветкі. Увечары напярэдадні свята вяскоўцы збіраліся ў хате, дзе стаяла свяча, маліліся, спявалі акафісты, вячэралі. А на другі дзень з самай раніцы запрашалі святара, які праводзіў службу. Потым ікону са свячой пераносілі ў хату новых гаспадароў.

Наперадзе грамады з драўляным крыжом ішоў старэйшы жыхар вёскі. Дарэчы, гэты крыж таксама ўвесь год знаходзіцца ў хаце. За крыжам з хлебам-соллю ішоў гаспадар хаты.

Дарога да хаты, куды пераносілі свячу, усцілалася суцэльным даматканым палатном. Ікону звычайна неслі дзяўчаты з роду прымаючых гаспадароў. Несці ж стараліся так, каб яна нібыта плыла над людзьмі, як сонейка ў небе. Усе жыхары вёскі, асабліва хворыя і нямоглыя павінны паспець прайсці пад іконай, каб іх не абмінула яе цудадзейнае святло.14

Новыя гаспадары сустракалі свячу каля варот, абменьваліся са старымі хлебам-соллю, цалавалі ікону і адзін аднаго. На двары свячу тройчы абносілі вакол вынесеннага стала. І па засцеленнай палатном дарозе святыя вобразы ўрачыста ўносілі ў новы дом, дзе яны займалі сваё месца ў чырвоным кутку. Гаспадыня ўпрыгожвала ікону новым рушніком.

Следам за святаром і пеўчымі у хату заходзілі вяскоўцы, і адбывалася яшчэ адно набажэнства. Пасля чаго праходзіла асвячэнне вады, якая вылівалася ў калодзеж новых гаспадароў. З гэтага часу вада ў калодзежы лічылася святой, і кожны мог прыходзіць і браць яе столькі, колькі спатрэбіцца. Лічылася вялікім грахом, калі гаспадар адмовіць хоць аднаму чалавеку. Напрыканцы гаспадары запрашалі ўсіх за стол і пачыналася вялікае траецкае гулянне.

Сёння ў абрадзе мала што змянілася. У мінулы панядзелак у гэтым можна было пераканацца. На перанос свячы 5 чэрвеня выйшлі ўсе жыхары вёскі — і старыя, і малыя. Людзі з’ехаліся з суседніх населеных пунктаў, з другіх раёнаў, абласцей.

Пасля таго, як святар Васілевіцкага Свята-Мікольскага храма адслужыў малебен у хаце Аляксея і Вольгі Сопатаў, дзе свяча захоўвалася з мінулай Троіцы, адбыўся яе ўрачысты перанос да новых гаспадароў –Мікалая і Ганны Блізнец. Жадаючых прайсці ў гэты час пад іконай было нямала.

Прыняць свячу ў хату – не толькі вялікая пашана, але і пэўныя абавязкі, клопаты. Не кожны ў наш няпросты час можа сустрэць у сваёй хаце столькі людзей, пачаставаць іх. Таму, бывае і так, што свяча мінае некаторыя хаты. Калі гаспадары не могуць яе прыняць, яны выстаўляюць каля брамы стол з пачастункамі, просяць прабачэння, і свяча пераходзіць у наступную хату.9

Але не ў гэты раз. Новыя гаспадары доўга чакалі, калі настане іх чарга прыняць свячу.

— Гэта благадаць Божая, — кажа Ганна Адамаўна, загадчыца Навінкаўскага ФАПа. – Ікону прымаем упершыню, не думалі, што чарга калі-небудзь дойдзе і да нас. Я сама нарадзілася на Брэстчыне. Сюды прыехала па размеркаванню, тут знайшла спадарожніка жыцця. У Навінках нарадзіліся нашы дзеці. Канешне, я была вельмі ўражана гэтым абрадам. Лічу, што яго трэба абавязкова захаваць і перадаць нашчадкам.

У такі ўрачысты дзень да бацькоў у госці прыехалі тры іх дачкі: Вольга, Таццяна і Валянціна.

— Цалкам згодныя са словамі маці, — сказалі дзяўчаты. – Гэта наша родная вёска, мы сюды часта прыязджаем. А на абрад пераносу свячы – абавязкова. Не ведаем іншай вёскі, дзе б захаваліся такія традыцыі. Навінкі- самыя лепшыя.7

На сярэдзіне палатна старыя і новыя гаспадары абмяняліся хлебам, пасля чаго Ганна і Мікалай Блізнец прынялі ікону. Іх хата на бліжэйшы год стане для вяскоўцаў своеасаблівай царквой, дзе навінкаўская свяча будзе выпраменьваць сваё цудадзейнае святло.

Па засцеленай палатном дарозе святыя вобразы ўнеслі ў хату, дзе яны занялі пачэснае месца ў чырвоным куце. Гаспадыня ўпрыгожыла ікону новым рушніком.

Пасля малебна адбылося асвячэнне вады.8

А вось што кажуць пра мясцовы самабытны абрад жыхары і ўраджэнцы вёскі.

Сяргей Белы, мясцовы жыхар: “Традыцыя пераносіць свячу ў Навінках існуе, колькі я сябе памятаю. Спачатку гэты абрад праводзілі на Міколу. І ікона была іншая — Мікалая Цудатворца. Потым яе замянілі на абраз Святой Троіцы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны апошні гаспадар свячы, здаецца, яго звалі Лаўрэн Філімонавіч, закапаў усе атрыбуты абрада ў зямлю. А выкапалі іх толькі ў 1950 годзе. З таго часу перанос свячы ўзнавіўся і адбываецца ў нашай вёсцы штогод”.

Ніна Сопат, дырэктар Навінкаўскага СДК: “Я нарадзілася і вырасла ў Навінках, таму пра гэты абрад ведаю не ад чужых людзей. Гэта сапраўды, добрая, шчырая традыцыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Бачыце, колькі людзей прыехала? Іх ніхто не прымушаў, ніхто не даваў ніякіх аб’яў. Яны прыходзяць самі, прыводзяць сваіх дзетак. Людзі праходзяць пад іконай і просяць ў першую чаргу здароўя сабе і сваім родным”.

Ганна Лаўшук, ураджэнка Навінак: “Гэта ж наша гісторыя, нашы традыцыі. Мы выраслі на гэтым. Пасля заканчэння школы я перабралася ў горад, але ў родную вёску наведваюся часта. Асабліва на Троіцу. Калісьці свяча стаяла ў хаце маёй бабулі. Да нашай чарга яшчэ не дайшла.”

Таццяна КАПІТАН.

«Калінкавіцкія навіны»

Облако тегов

Архив новостей

Ноябрь 2019 (3)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
Июнь 2019 (30)
^