Главная » Год культуры » «Глыбоцкія капыткі»: традыцыйныя народныя стравы ад настаўніцы і яе вучаніц
Информация к новости
22-11-2016

«Глыбоцкія капыткі»: традыцыйныя народныя стравы ад настаўніцы і яе вучаніц

Категория: Год культуры

 

— З Даўгалесся к вам прыехалі мы на ваша свята, — пачалі дзяўчынкі. — Паважаем традыцыі народныя: легенды, казкі, песні карагодныя. Ну, а сёння здзівім кулінарнымі пацехамі, раскажам, як нашы продкі ўмелі смачна гатаваць: рэцэпты нашыя запамінайце — гатуйце самі і ўсім парайце!

«Глыбоцкія капыткі»: традыцыйныя народныя стравы ад настаўніцы і яе вучаніц


Харчаванне беларусаў было звязана з побытам, культурай і звычаямі, аднак вялікі ўплыў на склад страў на стале беларусаў аказвалі поры года, а таксама царкоўныя абмежаванні — большую частку года нашыя продкі елі посную ежу. Але ж на святы гатавалі розныя прысмакі, і кожная гаспадыня шчыравала, каб на яе стале былі самыя смачныя стравы. Асноўнай ежай была і застаецца бульба:

— Хоць хваліцца і няёмка, але павінна вам сказаць, што без бульбы «на выдатна» ні паесці, ні сплясаць! — адзначыла адна з Кацярын і дадала: — Што смачней у цэлым свеце — наша бульбачка ў «мундзіры»! Нават смачны агурок толькі з бульбай «малаток»! Аднак зараз усім вядомымі дранікамі ўжо нікога не здзівіш, асабліва чалавека з блізкага замежжа, таму паспрабуйце прыгатаваць дзіва дзіўнае і смакату неверагодную — глыбоцкія «капыткі», — і расказала падрабязна, як іх прыгатаваць.

«Глыбоцкія капыткі»


Каб атрымаліся сапраўдныя «глыбоцкія капыткі», нам неабходна бульба, якую абіраем і адварваем. Пасля таго, як яна астыне, здрабнім: можна патаўчы, можна працерці, каму як лепей. У гэтую масу дадаем яйка, соль і крыху крухмалу. Усё перамешваем, атрыманае «цеста» раскатваем на доўгія «ланцужкі» (паверхню, дзе нашыя капыткі качаюцца, пасыпаем крухмалам), наразаем іх невялікімі кавалачкамі. Пакуль качаем ды наразаем капыткі, паставім грэцца ваду. Калі пайшлі бурбалкі, надышоў час і нашых капыткоў: іх адзін за адным апускаем у вар. Тым часам награваем патэльню, растапляем у ёй кавалачак сметанковага масла, дадаем смятану і кроп, — атрымліваецца цудоўная падліўка. А вось і капыткі «падаспелі» — паўсплывалі на паверхню і просяцца на талерку. Асцярожна выкладваем іх, паліваем падліўкай — і страва гатовая!

— З лепшых сартоў пшаніцы пякуць нашыя бабулі і матулі смачныя блінцы, каржы, пернікі ды пампушкі з аладкамі! — павяла гаворку далей другая Кацярына. — А якія ж блінцы без беларускай верашчакі! Іх смачней есці з чым-небудзь: хтосьці любіць салодкае начынне, а іншыя — традыцыйную страву пад бліны — верашчаку. Чаму яна так называецца? Існуе меркаванне, што назва паходзіць ад іншага слова, «верашчанне», бо часцей за ўсё яе гатавалі пасля забою свінні. Але ж, нягледзячы на тое, што дакладных звестак аб паходжанні назвы стравы няма, яна сама застаецца папулярным дадаткам да бліноў з аладкамі.

Верашчака


Парэзаць свініну, пасаліць, папярчыць, абсмажыць у патэльні хвілін 10. На тым тлусце, які выдзеліўся, абсмажыць дробна парэзаную цыбуліну. Мяса з цыбуляй прысыпаць мукой, перамяшаць. Перакласці ўсё ў керамічны альбо чугунны посуд, заліць хлебным квасам і паставіць «таміцца» ў печ альбо ў духоўку хвілін на 45. Падаць, канечне, з блінамі.

— Калі на свеце нехта дзесьці ўмее добра працаваць, то ўмее ён і смачна з'есці, і адпаведна згатаваць! Жадаем, каб сталы ў вашых дамах былі багатымі, а душы і сэрцы — добрымі і шчодрымі! — дадалі дзяўчынкі.

Ірына ГАЛАВАЧОВА. 

Облако тегов

Архив новостей

Декабрь 2019 (13)
Ноябрь 2019 (18)
Октябрь 2019 (34)
Сентябрь 2019 (27)
Август 2019 (22)
Июль 2019 (26)
^