Главная » Год культуры » Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…” у Новай Гуце
Информация к новости
16-11-2016

Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…” у Новай Гуце

Категория: Год культуры

 

— Гомельскі раён мае сваю гісторыю і самабытную культуру, і нам вельмі важна захаваць памяць аб мінулых часах, святах, рамёствах, касцюмах і побыце нашых продкаў, — адзначыла вядучая.

Ацэньваць конкурсныя праграмы, работы майстроў і гаспадынь запрасілі кампетэнтнае журы. У яго склад увайшлі доктар філалагічных навук, загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Валянціна Новак, вядучыя метадысты па этнаграфіі і фальклору абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц (яна была і старшынёй журы), па аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Таццяна Хахракова, па народным традыцыям і абрадам Людміла Мельнікава і загадчык аддзела метадычнай работы цэнтра культуры Гомельскага раёна Таццяна Паўлюк. 

Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…” у Новай Гуце


Рэгіянальны конкурс-фестываль праводзіўся ў трох намінацыях: песенна-ха-рэаграфічная і вусна-паэтычная праграма, дэкаратыўна-прыкладная творчасць і стравы нацыянальнай кухні. Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі конкурсу падалі заяўкі ва ўсіх намінацыях адначасова, як, напрыклад, народны ансамбль народнай песні “Світанак” дома культуры пасёлка Бальшавік, альбо ў двух, як навучэнцы Грабаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Падлеткі прыгатавалі стравы нацыянальнай кухні і падрыхтавалі цікавую іх прэзентацыю — разыгралі невялікую сцэнку з Гаспадаром і Гаспадыняй у галоўных ролях. Адначасова і стравы былі адмыслова пададзены: да прыкладу, посудам для гарбузянай кашы паслужыў ачышчаны знутры гарбуз. Вучні таксама прэзентавалі і цікавую творчую праграму “Грабаўскія вячоркі”.

Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…” у Новай Гуце


Перад пачаткам выступленняў артыстаў журы ацаніла работы майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гаспадары свята, ураджэнцы Новай Гуты і творчы калектыў Цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна, які размяшчаецца ў Навагуцкім СДК, прадэманстравалі беларускіх лялек, тканыя паясы, вязанне кручком і вышыўку. Бабовіцкую СШ прадстаўлялі вучаніцы Анастасія і Алена Ключнікавы і іх бабуля Ларыса Аляксандраўна Маскаленка, якая вучыць сваіх унучак рукадзеллю — вышыўцы, як традыцыйнай, крыжыкам, так і папулярнай зараз бісерам, а таксама рэдкай, але вельмі прыгожай дыяментавай мазаіцы.

Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…” у Новай Гуце


Марыя Тусава і Кацярына Новікава расказалі пра віды мастацтваў, якія папулярныя ў іх роднай вёсцы Целяшы, а кіраўнік тэатра моды “Ваяж” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна Вольга Міхайленка прадэманстравала мадэлі вязанага адзення для дзяўчынак. 

А настаўнік Зябраўскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Пастухоў прадэманстраваў свае работы — разьбу па дрэву.
Тэатралізаваным прадстаўленнем расказалі пра традыцыйныя беларускія стравы работнікі Цярэшкавіцкага дома культуры і жыхаркі гэтага населенага пункта — удзельніцы народнага аматарскага аб’яднання “Гаспадынька”. Юныя жыхары Цагельні, удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Руплівы гаспадар” Аліна Сімановіч, Наталля Шаціла і Аляксандр Шынкарэнка і загадчык Цагельнянскага клуба Станіслаў Пухлякоў запрасілі членаў журы пакаштаваць стравы беларускай кухні. Вучаніцы Даўгалескага дзіцячага сада – СШ, дзве Кацярыны — Гусавічэнка і Гарошка, і іх настаўніца Ганна Рубаха — прадставілі лепшыя стравы нацыянальнай кухні і вельмі змястоўна расказалі пра спосаб іх прыгатавання. А настаўніцы-філолагі Чкалаўскага ясляў-сада – БШ Алена Рабцава і Святлана Сулаўка запрасілі наведаць “Харчэўню “Сваякі”, пакаштаваць стравы, прыгатаваныя па бабуліных рэцэптах. 

Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…” у Новай Гуце


Праграму конкурсу-фестывалю працягнулі выступленні артыстаў, якія разгарнулі перад гледачамі старонкі мінулага — песні, тэатралізаваныя пастаноўкі і народныя гульні ў выкананні юных і дарослых артыстаў.

Удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Скарбніца” Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу паказалі абрад “Юр’еў дзень”, творчы калектыў “Несцерка” Яромінскай СШ — пастаноўку-камедыю з народнага жыцця мінулых часоў, народны ансамбль народнай песні “Світанак” дома культуры пасёлка Бальшавік, ансамбль “Павалякі” і народны вакальны ансамбль “Карагод” Яромінскай дзіцячай школы мастацтваў выканалі старажытныя песні. Народны фальклорны ансамбль “Світанак” Міхалькоўскага СДК сёлета будзе пацвярджаць званне народнага, а таму прадставіў увазе журы некалькі аўтэнтычных песень, выкананых а капэла. Сваю праграму паказалі і юныя артысты з Навагуцкай ДШМ — ансамбль “Гаманяты” і ўзорны харэаграфічны ансамбль “Карусель”, а таксама педагогі гэтай установы адукацыі — удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Гамонка”. Навучэнцы Галавінскай СШ прадставілі ўзноўленую калядную старажытную гульню “Памярла наша Мальвіна” і кнігу славутасцяў Галавінскай зямлі, а Улукаўскай школы-інтэрната — песенна-харэаграфічную пастаноўку. 

Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…” у Новай Гуце


— На творчым форуме я прысутнічаю ўжо ў другі раз, — адзначыла старшыня журы Ірына Глушэц. — Для мяне асабіста цікава пачуць і ўбачыць адметнасці кожнага рэгіёна, запісаць старажытныя песні, якія бытавалі ў вашай мясцовасці. Таму выступленні артыстаў слухала з асаблівай увагай і нешта запісвала на дыктафон. Спадабалася выступленне калектыву “Світанак” з Міхалькоў, у іх рэпертуары сапраўдны аўтэнтычны фальклор. Зацікавіла і калядная гульня з Галавінцаў.

Аднак, па словах старшыні журы, арганізатарам трэба было б унесці і некаторыя дапаўненні ў Палажэнне аб конкурсу-фестывалі — усе выступленні павінны быць заснаваны толькі на мясцовым матэрыяле. 

Конкурс-фестываль “Ад прадзедаў спакон вякоў…” у Новай Гуце


— Мне асабліва спадабалася, што ў выступленнях і выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці заняты шмат дзяцей, што гаворыць аб пераемнасці пакаленняў, — зазначае Валянціна Новак. — У параўнанні з мінулым конкурсам, на гэты раз выступленні былі больш разнастайнымі і цікавымі, я ўзяла нешта цікавае і для сваёй работы са студэнтамі. Спадабалася, што дзеці ахвотна ўдзельнічаюць ва ўзнаўленні старажытных народных гульняў, такіх як “Жаніцьба Цярэшкі” (асобныя моманты якой сустракаюцца ў Гомельскім раёне) і галавінскай гульні “Памярла наша Мальвіна”. Дарэчы, пра яе ёсць запісы ў вядомага фальк-ларыста, даследчыка народнай творчасці Гомельшчыны Міколы Макарцова. 

І вось — падвядзенне вынікаў. Гран-пры конкурсу-фестывалю “Ад прадзедаў спакон вякоў...” за вернасць традыцыям заваявалі навучэнцы Галавінскай СШ (яны ж адзначаны і ў намінацыі “Адпаведнасць сцэнічнага касцюма нацыянальным народным традыцыям”). Першае месца ў намінацыі “За лепшае веданне нацыянальных традыцый і іх захаванне” — народнае аматарскае аб’яднанне “Скарбніца”, “За высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і мастацкі густ” — дзіцячы ансамбль “Гаманяты” і народны фальклорны ансамбль “Гамонка”. Самая арыгінальная конкурсная праграма, на думку журы, была ва ўзорнага харэаграфічнага ансамбля “Карусель” і народнага фальклорнага ансамбля “Світанак” Міхалькоўскага СДК, а лепшая тэатралізацыя конкурснай праграмы і артыстызм — у аматарскага аб’яднання “Спадчына” Галавінскай СШ і народнага ансамбля “Гамонка”.

Першае месца ў конкурсе “Арыгінальнасць страў беларускай нацыянальнай кухні па традыцыйнаму рэцэпту сваёй мясцовасці” прысуджана аматарскаму аб’яднанню “Гаспадынька” з Цярэшкавіч, а ў намінацыі “Адпаведнасць вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нацыянальным традыцыям” — творчым калектывам Бабовіцкай СШ і Цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна. 

Арганізатары конкурсу-фестывалю “Ад прадзедаў спакон вякоў” — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Цэнтр культуры Гомельскага раёна — спадзяюцца, што наступны творчы форум будзе яшчэ больш маштабным і цікавым, заклікаюць жыхароў раёна, установы адукацыі і культуры збіраць, захоўваць і прапагандаваць нацыянальныя традыцыі.

Ірына ГРАМЫКА.

Облако тегов

Архив новостей

Август 2019 (13)
Июль 2019 (26)
Июнь 2019 (30)
Май 2019 (29)
Апрель 2019 (35)
Март 2019 (35)
^