Мы прывыклі бачыць у крамах і на рынках мэблю, адзенне, абутак, сувеніры, вырабленыя на прадпрыемстве. Але, пагадзіцеся, з імі не параўнаюцца вырабы ручной працы, у кожным з якіх часцінка душы майстра.
У нашым горадзе ёсць, так сказаць, скураных спраў майстар, чалавек, які жыве цікавым рамяством – дэкарыраваннем скурай або скураной пластыкай. Гэта педагог дадатковай адукацыі гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка», кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Саламандра» Вольга Смарцэлава.
Яе рукі здольныя тварыць цуды – дзякуючы фантазіі, натхненню, з якімі яна працуе над рознымі прыгожымі штучкамі, кавалачкі скуры ператвараюцца ў незвычайныя эксклюзіўныя вырабы – пано, шкатулкі, карціны... Гэтаму яна вучыць і дзяцей.
Вольга Канстанцінаўна лічыць, што самым высокім відам мастацтва з’яўляецца народнае, таму што яно пранесена праз стагоддзі. Дарэчы, сама жанчына з ранняга дзяцінства любіць рукадзелле, а падчас вучобы ў Рагачоўскім педагагічным вучылішчы яе любімым прадметам было дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Жанчына працавала ў школе, затым у дзіцячым садзе, потым у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе вучыла дзяцей асновам творчасці і сама атрымлівала ад гэтага задавальненне.
У апошнім у рукі Вольгі Канстанцінаўны трапіў дапаможнік па працы са скурай. Яна разам з рабятамі паспрабавала гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта была аплікацыя... Так метадам спроб і памылак педагог прыйшла да аб’ёмных формаў і ўнікальных рэчаў. І цяпер работы майстра і яе выхаванцаў пастаянна атрымліваюць высокую ацэнку на конкурсах рознага ўзроўню.
Яшчэ Вольга Канстанцінаўна захапляецца пляценнем з папяровых трубачак. Хоць гэта і не старажытнае рамяство, але падобна лазапляценню. Праўду кажуць: таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім, бо ў руках педагога любая справа спорыцца і любая рэч можа стаць незвычайным дадаткам да інтэр’еру.
Таццяна СКОБЕЛЕВА