Deprecated: preg_replace(): The /e modifier is deprecated, use preg_replace_callback instead in /var/www/gomeloblkultura/data/www/gomeloblkultura.by/engine/modules/show.full.php on line 308 DataLife Engine > Версия для печати > Рагачоўская паэтэса Наста Кудасава перарвала «маўчанне паэтаў»…
Главная > Год культуры > Рагачоўская паэтэса Наста Кудасава перарвала «маўчанне паэтаў»…

Рагачоўская паэтэса Наста Кудасава перарвала «маўчанне паэтаў»…


29-09-2016. Разместил: Администратор

«За апошнія гады два мне ў рукі не трапляла кніга вершаў, якую хацелася б параіць сябру ці сяброўцы (вядома ж, праз вузкасць майго кругагляду), – піша Анатоль Івашчанка. – …Зусім свежая кніга Насты Кудасавай бачыцца выратавальнай ніткаю Арыядны.
…Адзначу пачуццё меры ў гукапісе. І пачуццё густу ў цытаваннях. Вершы Насты як глыток паветра для нырца па жэмчуг — хуткі і глыбокі…»
Карэспандэнт газеты «Свабоднае слова» сустрэлася з Настай Кудасавай і пагутарыла з аўтарам добрай кнігі на жывапісным беразе Дняпра.
? – Наста, на хвалі слоў Анатоля Івашчанкі ўзнікла пытанне: як ты адносішся да крытыкі?
– Нармальна, я люблю крытыку, мне цікава. Яна ж такая: важна, хто крытыкуе. Для мяне ёсць пэўныя аўтарытэты. Важна, напрыклад, што пра мяне скажа Алесь Разанаў, мне будзе вельмі прыемна, калі ён будзе мяне крытыкаваць. Альбо Леанід Галубовіч напісаў крытыку: ён там сказаў і добрае, і дрэннае, але мне прыемна, мне важна ягоная ўвага. А ёсць людзі, на чыю крытыку я не звяртаю ўвагі. Мне падабаецца тое, што піша Іван Штэйнер. Я заўсёды вельмі чакаю яго артыкулы, таму што ён – філолаг, ён умее чытаць так, як я пішу. Ён адчувае, дзе Цвятаева, дзе Сыс, разумее тонкія сувязі. Яго артыкулы чытаць – для мяне свята. Ён толькі добрае пра мяне пісаў, але дрэннае таксама трэба чытаць для самадысцыпліны, карысна.

? – Навогул, калі ты пачала пісаць і чаму менавіта на беларускай мове?
– Я пачала пісаць вершы яшчэ ў школе, але пісала іх на рускай мове, як усе дзеці, таму што я вучылася ў звычайнай рускамоўнай рагачоўскай школе. А потым, калі ўжо была падлеткам, гадоў у чатырнаццаць, я пачала пісаць па-беларуску, стала свядомай беларускай і цалкам перайшла на родную мову ў паэзіі.
З беларускай мовай цікавае пытанне, мне яго часта задаюць. Але я не магу сказаць, адкуль гэта ўзнікае, пачуццё роднай мовы, адкуль яно прыходзіць. Проста ў нейкі момант зразумела, што я не магу пісаць ні на якой іншай мове, толькі на гэтай.
А ў школе я ездзіла на алімпіяды па рускай мове. І вывучала рускую філалогію.

? – Парадаксальна. Гэта была мара з дзяцінства?
– Штука ў тым, што я не марыла стаць філолагам, я да апашняга часу не ведала, кім я хачу стаць. Былі розныя думкі. Проста я выйграла на алімпіядзе – мяне залічылі аўтаматам на філфак. Я нават падчас экзаменаў у школе і выпускнога была спакойная, ведала, што паступлю. Былі нейкія думкі на перакладчыка ў іняз падрыхтавацца, аднак вырашыла нікуды не перапаступаць. Мабыць, лянота перамагла альбо было нейкае адчуванне, што раз так шлях пайшоў – так і трэба. У дзяцінстве хацела нават быць як тата – эканамістам.

? – Наста, ты даволі знакамітая паэтэса: выйшлі тры зборнікі, творы перакладаліся на рускую і балгарскую мовы. Але чаму на малой радзіме, Рагачоўшчыне, цябе ведаюць адзінкі?
– Таму што я такі чалавек. Не публічны. Я проста жыла і пісала вершы пра сябе. У нейкі момант знайшліся людзі, якія мне параілі зрабіць кніжку і дапамаглі грашова. Я асабліва не займалася яе распаўсюджваннем. Даволі сціпла было… Галубовіч напісаў добрую рэцэнзію. Водгукі былі станоўчыя. Самастойна я б не выдала два зборнікі. Падумала: вось прышоў час! Трэцюю сама рыхтавала ўжо, толькі не ведала, колькі часу спатрэбіцца. У нейкі момант проста зноў прыйшла прапанова: “Давайце зробім вашу кнігу!”. Я згадзілася, тым больш, што былі творы.

? – Нейкі час ты не займалася творчасцю…
– Так, я выйшла замуж, нарадзіла сына і не думала тады ні пра паэзію, ні пра крытыку – у мяне проста пачалося новае жыццё… Я нейкі час не пісала, таму што была ў сямейных клопатах. А потым (гады два прайшло) я зразумела, што штосьці не так: я не магу так жыць, я не магу жыць толькі ў дзецях. Я не ведаю тады, навошта я…

? – Наста, на якіх творах ты расла, каго ты можаш лічыць сваім завочным настаўнікам?
– Мы сядзім у Рагачове на беразе Дняпра, зразумела, што тут паўсюду вітае дух Караткевіча. Для мяне – натуральна. З усіх беларускіх празаікаў прынамсі гэта мой самы натхняльны, па духу родны чалавек. А так… Я вучылася на рускай філалогіі і чытала больш рускую паэзію. Цвятаева, Маякоўскі найперш “мае”, потым – Башлачоў.
Міцкевіча любіла на першым курсе. Любімае месца – Вязынка. І музей Караткевіча ў Оршы. Люблю яго паэзію, «Каласы пад сярпом тваім».

? – Твае творы неяк пераклі-каюцца з іх творчасцю?
– Можа, неяк фармальна. Маю на ўвазе моўныя прыёмы, могуць сустракаюцца. Я свядома ніколі не спрабавала кагосьці паўтараць. Калі толькі яны перагукаюцца, можа быць, таму што я гэта чытаю або, скажам, я так жыву, падобна з нейкім нервам жыцця.

? – Хто твая муза?
– У мяне ўсе людзі – музы, я так люблю людзей! Больш за ўсё мяне натхняюць, канешне, людзі. Я люблю новых людзей. У мяне ёсць знаёмыя паэты, якія мяне натхняюць, блізкія па духу людзі.
Навогул, пішу пра сваё жыццё. Гэта можа быць і маё каханне, і мая адзінота, маё адчуванне жыцця, часу, нараджэння-смерці… Гэта вельмі скаладана: гэта нейкія рэфлексіі, нейкія інтуіцыі. Вершы нараджаюцца самі па сабе. Хаця ясна, што я, як аўтар, усё адно потым іх дапрацоўваю: шукаю нейкія словы, мне штосьці не падабаецца – я перарабляю некаторыя радкі. Немагчыма ўзяць, сказаць: я напішу зараз адразу верш на такую тэму – бац, і напісаў. Можа, так і бывае, аднак я не веру такім вершам, такім паэтам. Усё-такі вершаваныя радкі прыходзяць неяк самі, як музыка…

? – А хто твой першы крытык, каму на суд выносіш свае вершы?
– У розныя часы – па-рознаму. Калі і ўвогуле не было ніводнага блізкага чалавека, я пісала сама сабе. Ёсць пару блізкіх сяброў, каму я адразу высылаю, і мы абмяркоўваем.

? – Эксперыментуеш з формай, зместам?
– У юнацтве былі нейкія эксперыменты, але потым я зразумела, што галоўнае – гэта шчырасць. Розныя эксперыменты – фармальныя, калі яны толькі дзеля формы. Самае галоўнае – што я хачу сказаць, а як я гэта скажу – класічна ці не, у прынцыпе, не так важна. Можна эксперыментаваць з формай, калі сэрца просіць. Але проста дзеля таго, каб выпендрыцца, я думаю, што не варта.

? – Наста, ты назаўсёды вярнулася ў Рагачоў ці толькі на пэўны час?
– Зараз тут жыву. Пасля магістратуры з’ехала ў Гомель за мужам. Потым мы два гады ў Піцеры пажылі, вось вярнулася. Я такі чалавек, што не магу доўга на адным месцы, не магу сказаць, што я планую. Сын пайшоў у школу. Для дзяцей усе гэтыя пераезды – стрэс. Мне будзе цяжка на адным месцы, хаця тут мне найбольш камфортна з усіх месц, дзе я жыла. Ёсць верагоднасць, што пакуль у Рагачове буду.

? – Ёсць хвіліны, калі не хапае культурнага жыцця?
– Так, мне яго часам не хапае. Я тады еду ў Мінск, на нейкія прызентацыі хаджу, на сустрэчы з пісьменнікамі, але вельмі хутка стамляюся. Аднойчы прыехалі з сынам, помню, едзем у метро. Ён пару хвілін сядзеў насупіўшыся, а потым кажа: “Мама, а што такое з гэтымі людзьмі? Што з імі не так?!”. Такі напалоханы: “Чаму ніхто не ўсміхаецца?”. Нам там з дзецьмі не вельмі ўтульна, у Рагачове неяк больш душэўна ўсё-такі. Пісьменніку не патрэбна насамрэч гэта літаратурнае жыццё, асяродак. Патрэбны месца, час і цішыня, каб пісаць. Гэтыя тусоўкі адымаюць час. Мне хочацца з кімсьці бачыцца раз у месяц, мне дастаткова.

? – Ты адкрыта для рагачоўцаў, сустрэч?
– Так, я не супраць, хоць я такі чалавек замкнёны, не публічны. Калі раптам запросяць куды – я прыйду, зразумела. Сустрэчы са школьнікамі асабліва не ладжу, таму што у мяне паэзія даволі складаная. Сустракаюся са студэнтамі філфака – гэта нармальна, яны падрыхтаваныя. Ці магу я чытаць для школьнікаў? Я не ўпэўненая. Для старшакласнікаў толькі. Паэзія ў мяне даволі спецыфічная. Дзіцячыя вершы не пішу, толькі калыханкі напісала для дзяцей – Ягора і Машы.

? – Чаму менавіта Наста Кудасава?
– Мая прабабка была Наста (таксама Анастасія). Такая нармальная беларуская форма. Калі пачала друкавацца, я спачатку пісала Настасся Кудасава, а потым неяк скарацілася да Насты. У друку гэта форма прыжылася. Хаця з дзяцінства мяне бацькі Насцей звалі.
Алена УДАРЦАВА.


Вернуться назад