Deprecated: preg_replace(): The /e modifier is deprecated, use preg_replace_callback instead in /var/www/gomeloblkultura/data/www/gomeloblkultura.by/engine/modules/show.full.php on line 308 DataLife Engine > Версия для печати > Калектыў – яе душа
Главная > Год культуры > Калектыў – яе душа

Калектыў – яе душа


15-08-2016. Разместил: Администратор

— Праграма канцэрта атрымалася, праўда, не такой, якую мы планавалі зараней, расказвае Тамара Міхайлаўна. – Літаральна за дзень да выступлення калектыў застаўся без дзвюх артыстак. Але праграму падкарэктавалі і выступілі.
Тамара Міцура ўзяла на сябе кіраўніцтва Конкавіцкім Домам культуры шаснаццаць гадоў таму. Але з самадзейным калектывам выступае ўжо больш двух дзесяцігоддзяў. Некалі былы кіраўнік установы культуры Павел Чырвоны прапанаваў заняць яго месца. Тамара Міхайлаўна нават уявіць не магла такога павароту лёсу: працавала ў сельскай гаспадарцы і спецыфіку працы работніка культуры не ведала. Але былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Кандрацьева яе кандыдытуру ўхваліла.
Два гады на новай пасадзе прайшлі ў вывучэнні літаратуры, навучанні на розных курсах і перайманні вопыту калег у раёне і за яго межамі. Працоўны дзень для сябе вызначыла – не менш дзесяці гадзін. Інакш нельга было паспець вучыцца і не згубіць тое, што ўжо было створана яе папярэднікам. Канцэрты і выступленні працягваліся. І праз некаторы час раённае кіраўніцтва запэўнілася, што ў прызначэнні яе на пасаду дырэктара не памылілася. У рэпертуары самадзейнага калектыву з’явіліся яшчэ і тэатральныя пастаноўкі.
— Касцяк калектыву стабільны, — расказвае пра сваіх артыстаў кіраўнік ансамбля. – Здараецца, прыходзяць новыя артысты, прыносяць нешта цікавае і вартае ўвагі гледачоў. Быў час, калі перавагу аддавалі мясцоваму матэрыялу, шукалі народныя творы, характэрныя менавіта для конкавіцкай зямлі. Але вопыт канцэртнай дзейнасці паказаў, што менавіта хацелі б чуць нашы гледачы. Цяпер ужо беспамылкова ведаем, у якой вёсцы, на якой сцэне, які рэпертуар павінен гучаць. Недзе – мясцовы фальклор, дзесьці перавагу аддаюць эстраднай песні, іншым падабаюцца тэатральныя імправізацыі.
Сёлета канцэртную дзейнасць калектыў пачаў у сакавіку з Муляраўскага сельскага Дома культуры. Праз два тыдні – Пціч. Потым былі “гастролі”: у адзін дзень далі два канцэрты – у Макарычах і Галубіцы. Было цяжка, але самі атрымалі задавальненне ад дзвюхгадзінных зносін з удзячнымі гледачамі. Цяпер, пакуль сезон адпачынкаў, нікуды не выязджаюць. Але планаў і задум многа, нават больш, чым планавалі ў пачатку года.
Пра кожнага ўдзельніка калектыву Тамара Міхайлаўна можа гаварыць доўга і з задавальненнем. Бо ўсе яны – людзі апантаныя творчасцю, адданыя калектыву душою.
Сапраўднай каштоўнасцю калектыву яго кіраўнік лічыць Тамару Яцкавец. Былая настаўніца, цяпер на заслужаным адпачынку. Яна мае выдатныя здольнасці чытальніцы вершаў і баек. Дзякуючы ёй праграмы набываюць сваю лірычнасць, напаўняюцца ноткай гумару і гарэзлівасці. З гледачамі працуе, як некалі з дзецьмі – аддае ўсю душу.
Многа гадоў бяззменнай вядучай усіх праграм была Наталля Маркавец. Яна працуе кіраўніком справамі мясцовага сельвыканкама, апошнім часам ёй складана стала надаваць многа часу падрыхтоўцы да канцэртаў, і Тамары Міхайлаўне давялося замяніць яе. Але толькі на “пасадзе” канферансье.
Акампаніятарам у Доме культуры працуе Мікалай Галота. Напэўна, яго не трэба прадстаўляць нашым чытачам. Жыве ў Пцічы, але свайму калектыву, які стаў родным за дзесяць гадоў сумеснай працы, не здраджвае. Ён – фанат ансамбля “Бяседа”. Таму і ў рэпертуары самадзейных артыстаў шмат іх твораў “Бяседы”. Дзякуючы яму пачутыя недзе ці запісаныя жанчынамі цікавыя песні набываюць новую апрацоўку і становяцца хітамі.

1412
Мастацкім кіраўніком ДК працуе Марыя Козел. Яна – першы памочнік дырэктара ў камп’ютарных справах, афармленчых і працоўных момантах. Без яе таксама не абыходзіцца ні адно выступленне калектыву.
Выдатныя вакальныя дадзеныя мае Тамара Пырко. Некалі яна працавала тут мастацкім кіраўніком. А цяпер яе першы голас – упрыгожанне любой праграмы. Нароўных з ёй можа быць толькі Валянціна Новік. Гэтыя жанчыны – скарб калектыву.
Нядаўна прыйшлі ў калектыў Людміла Пракапенка і Таццяна Юхневіч – таксама ўладальніцы першага голаса.
Раней у гандлі працавала Святлана Атліванава. Ёй неаднаразова даводзілася выязджаць на галіновыя конкурсы і фестывалі мастацкай самадзейнасці. А цяпер яна прыйшла ў калектыў і прынесла з сабою дзве новыя песні. Менавіта так, з прыходам новых людзей, у рэпертуары з’яўляецца нешта новае і асаблівае.
У мінулым годзе ў лютым калектыў адзначаў сваё 25-годдзе. Падзяліць з калегамі гэту падзею прыехалі самадзейныя артысты з Чалюшчавічаў і Капаткевічаў. Глядзельная зала мясцовага Дома культуры, разлічаная на 300 месцаў, ледзьве ўмясціла ўсіх ахвочых. Сюды былі запрошаны і тыя, хто многія гады быў разам з самадзейным калектывам. Найперш гэта Ганна і Анатоль Козелы. Ён раней працаваў тут акампаніятарам, але па стане здароўя вымушаны быў адысці ад прафесіі і любімай справы. А Ганна Дзмітрыеўна зрабіла самадзейным артыстам асаблівы падарунак – вышыла іх канцэртныя касцюмы. Гэтай прыгажосці цяпер зайздросцяць усе ўстановы культуры раёна. Прычым, у кожнага артыста свой матыў вышыўкі, свая адметнасць.
Узгадалі на свяце і іншых былых артыстаў – Валянціну Аскерка і Марыю Маркавец, якія стаялі каля вытокаў стварэння калектыву. І тых, хто пакінуў памяць пра сябе на сцэне, але цяпер іх няма побач – гэта Вольга Туравец і Тамара Фаміна.
Як і ў многіх вёсках раёна, у Конкавічах таксама існуе кадравае пытанне. І хаця Тамары Міцура да заслужанага адпачынку яшчэ трэба працаваць некалькі гадоў, яна ўжо сёння хацела б пачаць рыхтаваць сабе замену. І як бы далей не склалася, свой калектыў яна не кіне нават на пенсіі.
— Гэта маё дзіця, мая душа, — гаворыць кіраўнік. – Без іх я ўжо не змагу.

Алена БРУЦКАЯ.


Вернуться назад