Галоўная // Напрамкі дзейнасці // Культура // Бібліятэчная дзейнасць

Бібліятэчная дзейнасць

Бібліятэчная сістэма галіны

Сетка публічных бібліятэк Гомельскай вобласці на 01.10.2021 г. налічвае 23 установы (468 бібліятэк): з іх 22 цэнтральныя бібліятэкі, установа «Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна» і 446 бібліятэк-філіялаў. У сельскай мясцовасці функцыянуе 386 бібліятэк.

На 01.10.2021 г. карыстальнікамі бібліятэк рэгіёну з'яўляюцца 392 056 чалавек, у тым ліку віртуальнымі – 2 869. Бібліятэкі вобласці наведалі 3 887 411 разоў, з іх віртуальныя наведванні склалі 843 012. На базе бібліятэк рэгіёну функцыянуе 84 цэнтра прававой інфармацыі.

На камплектаванне фондаў публічных бібліятэк вобласці за 9 месяцаў 2021 года накіравана 9,7 % сродкаў ад сумы бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне бібліятэк.
Для абслугоўвання карыстальнікаў маланаселеных вёсак функцыянуюць 17 бібліобусаў.

Асноўным інфармацыйна-асветніцкім і культурным цэнтрам Гомельшчыны з'яўляецца ўстанова «Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна» (далей – абласная бібліятэка). Выкананне бібліятэкамі вобласці Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021–2025 гг. знаходзіцца ў пастаянным полі зроку спецыялістаў абласной бібліятэкі. Так, за 9 месяцаў 2021 года на 1000 жыхароў вобласці прыходзіцца 2 804 наведвання бібліятэк (гэта больш за 75 % гадавога планавага задання – 3 678). Па абласной бібліятэцы паказчык наведванняў выкананы на 108,5 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 г., а колькасць карыстальнікаў бібліятэкі павялічылася на 152,8 % у адносінах да 9 месяцаў мінулага года.
За 9 месяцаў праведзена 1 453 (122 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 г.) масавых мерапрыемства для розных катэгорый карыстальнікаў бібліятэкі. Усе значныя даты календара, юбілейныя літаратурныя даты адзначаны тэматычнымі мерапрыемствамі, якія праводзяцца як самастойна, так і ва ўзаемадзеянні з іншымі ўстановамі і арганізацыямі вобласці.

Сярод новых пачынанняў абласной бібліятэкі – «Крок насустрач» – сумесны праект Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна і ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці. Яго мэта – далучэнне асуджаных да культуры і мастацтва праз іх уключэнне ў розныя віды творчай дзейнасці, карэкцыя паводзінаў і падрыхтоўка да наступнай інтэграцыі ў звычайнае сацыяльнае асяроддзе метадамі біблія- і арт-тэрапіі.
Працягваюць працу ўпадабаныя жыхарам горада цыклы мерапрыемстваў, якія збіраюць у бібліятэцы аўдыторыю па інтарэсах: навуковае кафэ і літаратурна-музычны салон, творчыя сустрэчы са знакамітымі гараджанамі «Гомель у асобах», летнія канцэрты па чацвяргах «Бэзавыя вечары», моўныя курсы і інш. 22 мая 2021 г. з поспехам прайшоў трэці абласны фестываль кнігі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ, які прапанаваў гамяльчанам і гасцям горада больш за 60 мерапрыемстваў на розных пляцоўках перад бібліятэкай і непасрэдна ўнутры яе.

23–24 верасня прайшлі II Міжнародныя Паскевіцкія чытанні ў Гомелі. Ініцыяваная абласной бібліятэкай навукова-практычная канферэнцыя была прысвечана вывучэнню спадчыны княжацкай сям'і, яе ўкладу ў сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Гомеля, кніжнай культуры як важнай часткі гісторыка-культурнай спадчыны краіны, мемарыяльнай дзейнасці ўстаноў культуры. Па матэрыялах чытанняў сфарміраваны і падрыхтаваны да выдання зборнік. Частка тыражу будзе накіравана ў цэнтральныя бібліятэкі вобласці.

У 2021 годзе працягнулася цеснае супрацоўніцтва абласной бібліятэкі з установамі культуры суб'ектаў Расійскай Федэрацыі: спецыялісты бібліятэкі прынялі ўдзел у 11 міжнародных круглых сталах, навукова-практычных канферэнцыях, тэлемостах, заяўляючы аб вопыце работы па розных напрамках. Установа прадстаўляла публічныя бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і на II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Кніга і чытанне ў лічбавую эпоху» (Кыргызская Рэспубліка, чэрвень 2021 г.).
Абласная бібліятэка адзначана дыпломам I ступені абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы сярод арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне культуры, па арганізацыі адпачынку і забаў, за 2020 год.