Галоўная // Напрамкі дзейнасці // Культура // Гісторыка-культурныя каштоўнасці

Гісторыка-культурныя каштоўнасці

Захаванне дзяржавай гісторыка-культурных каштоўнасцей ў Гомельскай вобласці

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь па стане на 01.01.2021 г. уключаны 866 матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей (1006 аб'ектаў), размешчаных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, з якіх 167 помнікаў архітэктуры (302 аб'екты), 374 помнікаў археалогіі (378 аб'ектаў), 317 помнікаў гісторыі (317 аб'ектаў), 7 помнікаў мастацтва (7 аб'ектаў), 1 помнік горадабудаўніцтва; 2 матэрыяльныя рухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці (265 адзінак) і 10 нематэрыяльных праяў творчасці чалавека. Агульная колькасць складае 880 гісторыка-культурных каштоўнасцей (1006 аб'ектаў, 265 адзінак, 12 элементаў).
Па катэгорыям каштоўнасцей у вобласці налічваецца: 1 аб'ект вышэйшай "0" катэгорыі (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль); 5 аб'ектаў 1 катэгорыі ("Археалагічны комплекс "Юравічы" Калінкавіцкага раёна, "Ратуша" ў г.Чачэрск, "Праабражэнская царква" ў г.Чачэрск, "Месца фарсіравання Дняпра" Лоеўскага раёна, "Клад культавых прадметаў" Гомельскага палацава-паркавага ансамбля), 32 аб'екты 2-й катэгорыі і 830 аб'ектаў адносяцца да 3-й катэгорыі каштоўнасцей.
Для вырашэння задач дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры, падтрымкі прыярытэтных напрамкаў развіцця нацыянальнай культуры, аховы гісторыка-культурнай спадчыны, дзейнасці прафесійнага мастацтва, народных промыслаў ва ўстаноўленым парадку пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 сакавіка 2016 г. № 180 зацверджана Дзяржаўная праграма «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады (далей – Дзяржпраграма).
Зводны паказчык – павелічэнне долі адрэстаўраваных помнікаў архітэктуры, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пры плане 30 працэнтаў выкананы ў поўным аб'ёме (31,66 працэнта).
У 2020 г. Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь выдадзена 27 дазволаў на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на аб'ектах гісторыка-культурных каштоўнасцей Гомельскай вобласці (у тым ліку 17 – на помніках архітэктуры) і 7 заключэнняў па ўводу ў эксплуатацыю (скончаных этапаў работ) на аб'ектах спадчыны (у тым ліку 6 – на помніках архітэктуры).
Рамонтна-рэстаўрацыйныя работы праводзіліся на 37 аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, з якіх 24 завершаны ў 2020 годзе. Агульныя аб'ёмы асвоеных сродкаў складаюць 10732210,0 рублёў за 2020 год. У тым ліку за кошт рэспубліканскага бюджэту 500000,0 рублёў; за кошт сродкаў уласнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей 54833,8 рублёў, іншых крыніц 20428,6 рублёў.
Колькасць адрэстаўраваных і маючых адпаведнае функцыянальнае выкарыстанне помнікаў архітэктуры ў 2016–2020 гг. склала 60 адзінак.
У 2020 годзе завершана рэканструкцыя гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мазырскі драматычны тэатр імя І. Мележа». Гэты аб'ект стаў не толькі значным культурным аб'ектам, але і важным грамадскім цэнтрам, месцам правядзення дыскусійных пляцовак па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Вядзецца рэканструкцыя аб'екта «Помнік архітэктуры XVIII ст. Комплекс былога калегіума езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага раёна. Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй будынка касцёла, брамы і агароджы з вежамі» (далей – аб'ект). Аб'ект з'яўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры, які мае нацыянальную значнасць і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама ўваходзіць у турыстычны праект "Залатое кальцо Гомельшчыны" як аб'ект рэлігійнага турызму.
Пастановай Міністэрства культуры ад 20.02.2020 № 15 статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і катэгорыя "Б" прысвоены нематэрыяльнай праяве творчасці чалавека "Мастацкія практыкі саломапляцення Гомельскай вобласці" (г. п. Акцябрскі, г. п. Уваравічы, аг. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна, аг. Жгунь Добрушскага раёна, г. Ельск, г. Жлобін, аг. Азераны, в. Дзедаўка Жыткавіцкага раёна, г. п. Лельчыцы, аг. Уборак Лоеўскага раёна, г. Мазыр, г. Нароўля, г. Петрыкаў, г. Рагачоў, г. Рэчыца, г. Хойнікі). Гэты элемент стаў 12 нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Гомельскай вобласці ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
17 снежня 2020 г. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА на 15-й сесіі ўключыў сумесную намінацыю Беларусі (на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці) і Польшчы «Культура бортніцтва» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Бортніцтва – старажытны лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства, якая захавалася ў асобных раёнах Беларусі да цяперашняга часу. Яно заснавана на гадоўлі і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах.
У мэтах прыняцця мер па ўзмацненні кантролю за выкананнем дзеючага заканадаўства ў галіне аховы археалагічнай і гістарычнай спадчыны райвыканкамамі і Гомельскім гарвыканкамам падрыхтаваны планы мерапрыемстваў на 2020 год, накіраваныя на захаванне і адраджэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей, ахову аб'ектаў спадчыны і іх папулярызацыю. Інфармацыя аб патрабаваннях у сферы забеспячэння аховы археалагічных аб'ектаў і археалагічных артэфактаў размешчана на сайтах райвыканкама і Гомельскага гарвыканкама. Рашэннямі райгарвыканкамаў або Саветаў дэпутатаў на базе каардынацыйных саветаў па ахове аб'ектаў спадчыны створаны раённыя (гарадскія) грамадскія наглядальныя камісіі па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Арганізавана правядзенне маніторынгу гісторыка-культурных каштоўнасцей з мэтай вызначэння іх тэхнічнага і санітарнага стану і падрыхтаваны пералік мерапрыемстваў па правядзенні першачарговых супрацьаварыйных работ і кансервацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Праца па заключэнні ахоўных абавязацельстваў з уласнікамі і карыстальнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей, праводзіцца на падставе прадстаўлення праваўстанаўліваючых дакументаў. Уласнікамі і карыстальнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей перазаключаны ахоўныя абавязацельствы каштоўнасцей. Выкананы ўліковыя дакументы (пашпарты) на гісторыка-культурныя каштоўнасці. Гэтыя дакументы складаюцца музейнымі ўстановамі вобласці за кошт сродкаў уласнікаў аб'екта спадчыны на падставе правядзення гісторыка-архіўных і бібліяграфічных пошукаў. На ўсіх лакалізаваных аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны ўстаноўлены ахоўныя дошкі. Ажыццяўляюцца сумесныя з органамі пракуратуры праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў адпаведнасці з пастановай Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2011г. №31/33/п "Аб узаемадзеянні органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь і органаў сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны".
У 2020 годзе па вобласці было складзена 5 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў Жыткавіцкім, Мазырскім раёнах і г. Гомель (па арт. 19.5, 19.2, 19.3, 21.15, 12.15 КаАП).
У цэлым агледжаныя гісторыка-культурныя каштоўнасці знаходзяцца ў здавальняючым стане. Уласнікамі (карыстальнікамі) археалагічных помнікаў падпісаны ахоўныя абавязацельствы, выраблены пашпарты гісторыка-культурных каштоўнасцяў і аб'екты спадчыны пазначаны на картах землекарыстання. Выяўленыя асобныя парушэнні патрабаванняў заканадаўства выпраўлены па выніках праведзеных праверак.
Па стане на 01.01.2021 падпісана 2833 ахоўныя абавязацельствы, у 2021 годзе – 101, складзена 862 пашпартоў гісторыка-культурных каштоўнасцей, у справаздачны перыяд – 25. Усяго ўстаноўлена 962 ахоўных дошак на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку 44 у 2020 годзе (узамен страчаных). Распрацавана і зацверджана 38 праектаў зон аховы на 208 нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Райвыканкамамі і Гомельскім гарвыканкамам праведзены аналіз тэхнічнага стану матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей і падрыхтаваны пералік аб'ектаў спадчыны, якія маюць патрэбу ў выкананні першачарговых супрацьаварыйных мерапрыемстваў. Арганізуецца правядзенне неабходных работ па добраўпарадкаванні гэтых аб'ектаў, а таксама санітарных уборак з прыцягненнем сіл грамадскасці і валанцёраў.
У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 38 культавых будынкаў, размешчаных на тэрыторыі вобласці, у тым ліку і 11 аб'ектаў першай і другой катэгорыі каштоўнасці (Праабражэнская царква ў г.Чачэрск, Ільінская царква ў г. Гомель, Пакроўская царква ў г. п. Стрэшын Жлобінскага раёна і інш.). Свята-Петрапаўлаўскі сабор і капліца-спачывальня, якія ўваходзяць у склад Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, маюць вышэйшую «0» катэгорыю каштоўнасці.
Гомельскім аблвыканкамам штогод у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прадстаўляюцца спісы юрыдычных і фізічных асоб, якія абавязаны ажыццяўляць адлічэнні ў Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
Аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў і ўпраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама арганізавана апавяшчэнне плацельшчыкаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць, што аказвае ўздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, і прадстаўленне копій плацежных дакументаў.
Агульная сума з улікам дадатковых адлічэнняў у бягучым годзе за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвала непасрэдны ўплыў на гісторыка-культурныя каштоўнасці і зоны іх аховы, склала 110 417,20 беларускіх рублёў (за аналагічны перыяд 2019 года – 71 817,27 беларускіх рублёў).
Улічваючы тое, што згодна з патрабаваннямі Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы садзейнічаюць правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у 2019–2020 гг. накіраваны грашовыя сродкі, якія паступілі ў абласны бюджэт ад правядзення мясцовых латарэй "Гамяльчанка" і "Наша Спадчына", заснавальнікам якіх з'яўляецца Гомельскі аблвыканкам, на фінансаванне мерапрыемстваў па захаванні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, размешчаных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, у тым ліку: Жлобінскаму райвыканкаму на набыццё аўтэнтычнай мэблі, стварэнне пастаяннай экспазіцыі і музеефікацыю аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны – сядзібнага дома ў н. п. Чырвоны Бераг, а таксама Веткаўскаму, Гомельскаму, Светлагорскаму, Хойніцкаму райвыканкамам на правядзенне навуковых даследаванняў, у тым ліку абследаванне помнікаў археалогіі, гісторыі і культуры з мэтай складання ўліковай дакументацыі і распрацоўкі ахоўных зон.